Смерць на "Пушкінскай": тры відэа з месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага
Спецназ на разгоне пратэстоўцаў каля метро "Пушкінская" / Reuters
Першая смерць падчас пратэстаў праз прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбылася 10 жніўня, на другі дзень актыўнага супрацьстаяння сілавікоў і пратэстоўцаў. Аляксандр Тарайкоўскі загінуў у раёне станцыі метро "Пушкінская". Афіцыйная версія МУС была агучана неўзабаве пасля таго, што адбылося: ад выбуху неўстаноўленага выбуховага прыстасавання мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём.
Ужо на наступны дзень, 11 жніўня, сталі з'яўляцца знятыя відавочцамі відэа з месца, дзе загінуў 34-гадовы мінчук. Еўрарадыё сабрала іх усе.
Відэа з дома
Ролік, на якім відаць, як бяззбройны чалавек стаіць на пустой вуліцы Прытыцкага перад шэрагам сілавікоў, зняты з акна шматпавярховіка. Мужчына стаіць адзін, хістаючыся. У яго руках нічога не выбухае. З боку спецназаўцаў адбываецца ўспышка.
Пасля гэтага чалавек падае на асфальт. Жонка загінулага расказала, што яшчэ да апазнання яна глядзела гэта відэа і пазнала ў ім свайго мужа — Аляксандра Тарайкоўскага.
Застреленный бандитами Лукашенко Александр Тарайковский истек кровью до смерти. Видео зафиксировало как это происходило. Сразу после выстрела ему пытались помочь граждане, но бандиты Лукашенко начали их отгонять стрельбой. В СУББОТУ ПОХОРОНЫ. МИНСК 12:00. pic.twitter.com/fPVw1A2kgH
— SCIENCE CLUB RU (@SCIENCE_CLUB_RU) August 14, 2020
Відэа пратэстоўцаў
Другі ролік 15 жніўня даслалі ў рэдакцыю Еўрарадыё відавочцы здарэння. Яго знялі людзі, якія знаходзіліся недалёка ад месца гібелі Аляксандра.
На відэа Тарайкоўскі ідзе ў бок сілавікоў. У яго нічога няма ў руках. Ён нічога не кідае ў іх бок. Рукі ў яго паднятыя.
Далей — стрэл. Тарайкоўскі спыняецца і апускае рукі. Праз некалькі секундаў ён упадзе.
Відэа Associated Press
Яшчэ адно відэа 15 жніўня публікуе Associated Press. Першапачаткова сайт агенцтва апублікаваў скрыншот, на ім мужчына ў белай майцы з крывавай плямай на грудзях.
Крыху пазней агенцтва публікуе відэа. На яго не трапіў момант стрэлу. Аднак дэталі акружэння даказваюць, што гэта адно і тое ж здарэнне і ўсё адбываецца на скрыжаванні Пушкіна/Прытыцкага.
Associated Press опубликовало видео гибели Александра Тарайковского pic.twitter.com/CjSnRZ6UqH
— Медиазона. Беларусь (@mediazona_by) August 15, 2020
Версія МУС
Афіцыйная версія смерці пратэстоўца была агучана МУС 10 жніўня неўзабаве пасля здарэння — у 23:43.
Нібыта ў ходзе супрацьстаяння са спецназам адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок сілавікоў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём.
16 жніўня, адказваючы на пытанні журналістаў адносна гібелі аднаго з удзельнікаў пратэсту, міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што міліцыя не ўжывала лятальнай зброі супраць пратэстоўцаў:
"Так, ён [удзельнік акцыі] памёр, — сказаў Караеў. — Колькі людзей памерла на беспарадках у Амерыцы? Але мы не ўжывалі агнястрэльнай зброі, а толькі тую, якая з'яўляецца нелятальнай".
Хто былі тыя сілавікі, што стралялі ў пратэстоўцаў на "Пушкінскай"?
У афіцыйным паведамленні МУС згадваецца нейкі "спецназ". Conflict Intelligence Team — каманда, якая займаецца расследаваннем ваенных канфліктаў, — апазнала сярод сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў разгоне пратэстоўцаў на "Пушкінскай", — спецназ КДБ "Альфа" і спецназ МУС "Алмаз".
Ад іншых сілавікоў іх адрознівала ўніформа аліўкавага колеру, сучасная экіпіроўка і зброя — драбавік Benelli M4, гранатамёты ГМ-94, розныя мадыфікацыі аўтамата Калашнікава, а таксама іншая агнястрэльная зброя.
Адзначаецца падабенства формы сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў разгоне, з формай байцоў "Альфы" на відэа затрымання наймітаў "ПВК Вагнера", апублікаваным незадоўга да выбараў.
Таксама разам з байцамі "Альфы" на скрыжаванні маглі прысутнічаць і спецназаўцы з "Алмаза", на спінах некаторых байцоў відаць надпіс МУС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.