Спецслужбы Лукашэнкі і Пуціна ладзяць атакі на беларусаў у Літве — ДДБ Літвы

Правакацыйныя надпісы ў Вільні

Правакацыйныя надпісы ў Вільні / Наша Ніва

Шматлікія правакацыі ў бок беларусаў і літоўцаў робяцца адмыслова для таго, каб выклікаць негатыўнае стаўленне да беларусаў, якія жывуць у Літве. Расійскія і беларускія спецслужбы планавалі гвалтоўныя атакі супраць беларусаў у Літве, паведамляе Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы.

Літоўская спецслужба сцвярджае, што мэта такіх нападаў — пасеяць варожасць, страх і стварыць вобраз Літвы як ксенафобскай краіны. у ддб адзначаюць, што спецслужбы рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна з 2023 года праводзяць інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю на тэрыторыі Літвы, скіраваную на падаўленне беларускай дыяспары і распальванне міжнацыянальнай варожасці.

Усё пачалося з лістоў з пагрозамі і фэйкавых відэа, якія распаўсюджваліся ад імя нібыта "ліцвіністаў". Ад вясны 2024-га года дзеянні перайшлі ў рэал: на вуліцах пачалі з’яўляцца надпісы з лозунгамі "Вільня наша!" ды іншыя правакацыйныя надпісы.

А ўлетку 2024-га пачаліся акты вандалізму супраць аб’ектаў беларускай дыяспары ў Вільні. Тады былі разбітыя шыбы ў краме з сувенірамі, нехта страляў з пнеўматычнай зброі па капліцы, быў пашкоджаны Беларускі культурны цэнтр. На сценах з'яўляліся надпісы супраць беларускіх палітуцекачоў, у тым ліку на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У 2025 года, як сведчыць ДДБ, спецслужбы пачалі шукаць выканаўцаў гвалтоўных нападаў на беларусаў у Літве. Падазраваныя арганізатары называюцца жыхарамі краін ЕС і прапануюць маладым беларусам удзел у фэйкавых праектах — напрыклад, у здымках відэа, дзе ў рэальнасці плануецца здзейсніць напад.

Адначасова ідуць пошукі выканаўцаў у тэлеграм-каналах і групах у сацсетках. Асаблівую ўвагу арганізатары надаюць фінансава ўразлівым асобам: беспрацоўным, студэнтам, малазабяспечаным. Ім прапануюць розныя заданні — ад фатаграфавання аб’ектаў да гвалтоўных дзеянняў з відэафіксацыяй.

ДДБ Літвы папярэджвае, што выкананне такіх заданняў цягне за сабой крымінальную ці адміністрацыйную адказнасць. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.