Стартапера, які вярнуўся з Дубая, судзяць за "экстрэмізм" і наркотыкі

Вадзім Даўгучыц

Вадзім Даўгучыц / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

22 траўня ў Мінскім гарсудзе пачаўся працэс над выпускніком вайсковага факультэта БДУ Вадзімам Даўгучыцам. Яму пагражае да васьмі гадоў калоніі, піша "Наша Ніва".

Даўгучыц 34 гады. Ён родам з Асаўца, вёскі ў Мінскім раёне. Пасля 9-га класа паступіў у Смілавіцкі аграрны каледж на пчалавода.

А ў 2010-м хлопец паступіў на вайсковы факультэт БДУ. Потым ён мусіў адпрацоўваць пяць гадоў, але сыйшоў у IT. Выглядае, што дагэтуль ён не цалкам выплаціў грошы за навучанне: у траўні 2023-га праз суд прасіў так званы выканаўчы ліст.

Даўгучыц заснаваў платформу IQeon: на ёй можна было гуляць, атрымліваць крыптавалютныя токены і потым мяняць іх на рэальныя грошы. У 2019-м ён выйшаў з праекта. Таксама сярод яго бізнесаў — платформа IQClash OU, якая стварала гульні. Цяпер на старонцы Даўгучыца ў Linkedin пазначаная кампанія MyProfit — гэты праект мусіць дапамагаць інвестарам правільна ўкладаць грошы.

Цягам апошніх гадоў хлопец жыў у Рызе, Таліне і Дубаі. Невядома, ці вяртаўся ён у Беларусь гэтым часам. Аднак пастаянна ў названых гарадах ён не жыў: у гэтых краінах зарэгістраваныя ягоныя кампаніі.

Цяпер Даўгучыца вінавацяць па трох артыкулах — "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК), "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання" (361-2 КК, страціла сілу ў траўні 2021-га), "незаконныя дзеянні з наркотыкамі з мэтай распаўсюду" (ч. 2 арт. 328 КК). Згаданы "наркатычны" артыкул часцей за ўсё атрымліваюць тыя, хто купляе наркотыкі для сяброў у кампаніі або каб проста ўжыць іх сумесна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі