Свабода — якая яна для нас? Тэкст салідарнасці з Радыё Свабода

У студыі / Радыё Свабода
Радыё Свабода аказалася пад пагрозай закрыцця. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў скараціць агенцтва па глабальных медыя (USAGM), якое курыруе Свабоду і “Голас Амерыкі”. Медыя ўжо атрымала ліст ад USAGM пра скасаванне гранта, які адабраў Кангрэс.
Мы б хацелі, каб Радыё Свабода жыло і далей — гэта ў інтарэсах Беларусі і беларусаў. Супрацоўнікі Еўрарадыё дзеляцца ўласнымі гісторыямі і ўражаннямі пра Свабоду.
Яўген
Радыё Свабода — гэта першае беларускае незалежнае медыя, пра якое я даведаўся падлеткам. У 2006-м мне было 14, і пра падзеі Плошчы я чуў ад дарослых, якія чыталі Свабоду.
Потым, калі я ў 2010-м паступаў на журфак, шмат хто казаў пра Свабоду як пра прыклад працы. Ужо былі і асабісты камп’ютар, і інтэрнэт, і можна было чытаць сайт, асабліва 19 снежня, падчас яшчэ адной Плошчы.
Што 2020-ы будзе незвычайным, я зразумеў яшчэ ў канцы траўня. Як? Заходзіў у паліклініку да стаматолага, а там сталая жанчына ў рэгістратуры глядзела стрым Свабоды.
Маша
Радыё Свабода для мяне заўсёды было месцам, дзе працуюць крутыя профі, якіх цікава слухаць і ад якіх можна шмат чаму навучыцца — тактоўнасці, выхаванасці, сабранасці, уключанасці ў тэму.
У 2005 годзе я трапіла ў мінскі офіс медыя на “Парку Чалюскінцаў”. Падавалася, што гэта найвышэйшы ўзровень прызнання — калі цябе запрашаюць у эфір Радыё Свабода.
Дзякуй калегам за працу і прафесіяналізм. Свет без Радыё Свабода — гэта як зямля без дрэваў і птушак.
Тарас
У маёй галаве назва “Радыё Свабода” неразрыўна звязаная з геапалітычнымі падзеямі ў нашым рэгіёне. Упершыню я даведаўся пра яго з успамінаў савецкіх дысідэнтаў, якія таемна лавілі хвалю Свабоды падчас брэжнеўскага “застою”.
У 2020-я, калі ўжо сам працаваў у СМІ, журналісты выдання былі сярод іншых незалежных медыя, якія працавалі ў самай гушчы падзей. Падавалася, што Радыё Свабода — гэта нешта непахіснае і вечнае. Канстанта, якая заўсёды будзе супрацьстаяць аўтарытарызму ў розных яго абліччах. Але ўсё мае пачатак і канец, і варта падзякаваць калегам са Свабоды за іх сумленную працу.
Янка
Маё знаёмства са Свабодай пачалося, калі ў дзяцінстве я прыязджала ў вёску, і бабуля лавіла хвалю на прымачы. Я недзе бегала, а яна пазней расказвала, што абмяркоўвалі ў той ці іншай праграме.
Для беларускага медыяасяроддзя Радыё Свабода задавала трэнд, і калегі заўсёды дэманстравалі высокую культуру працы. Для мяне праца свабодаўцаў была і застаецца паказчыкам прафесіяналізму і актуальнасці.
Максім
Памятаю, як у 80-я гады да нас у госці прыходзіў беларускамоўны сябра майго бацькі. Ён пераказваў навіны, якіх я ніколі не чуў на радыё, тэлебачанні ці палітінфармацыі ў школе. Дарослыя іх абмяркоўвалі. Гэта быў самы пачатак перабудовы, гайкі пачыналі адкручваць. І толькі калі разваліўся СССР, я даведаўся, што яны абмяркоўвалі тое, што чулі на Радыё Свабода.
Ліза
Маё знаёмства з Радыё Свабода адбылося ў 2015 годзе, калі мне было 15. Памятаю, перад школай шукала сабе пакет для зменкі на фізкультуру. Зазірнула ў пакет з пакетамі і выцягнула адтуль рандомны.
Ужо прышоўшы ў школу, заўважыла, што на пакеце намаляваная хакейная клюшка і напісана “Свабоду хакеістам”. Ну, стала цікава, загугліла — і даведалася, што гэта нейкі праект Радыё Свабода.
Першы стрым я паглядзела таксама у 2015-м. Гэта быў дзень, калі выпускалі на волю Міколу Статкевіча.
Ад рэдакцыі
Радыё Свабода — медыя, якое спачатку слухалі, а потым чыталі і глядзелі пакаленні беларусаў. І гэта не толькі велізарныя архівы навінаў, расследаванняў, інтэрв’ю, стрымаў і выдадзеных кніг. Гэта яшчэ і выбітная каманда журналістаў, якая заўсёды прытрымлівалася прафесійных стандартаў.
Страта Радыё Свабода для беларускага медыяполя — вельмі балючы ўдар. Удар, якога ніхто не мог прадбачыць.
Еўрарадыё выказвае салідарнасць з калегамі і каляжанкамі з Радыё Свабода. Вы дасце рады, сябры.
Еўрарадыё — гэта больш, чым радыё, але і сёння нас можна слухаць на FM-хвалях, са спадарожніка і анлайн — вось як гэта зрабіць. Таксама нас можна падтрымаць на BuyMeaCofee ці Patreon, калі вы лічыце нашу працу важнай для Беларусі і беларусаў.