Сёлета на запыты Беларусі ў краінах СНД было затрымана 130 чалавек
Затрыманням паспрыялі матэрыялы з Міждзяржаўнага фотабанку сілавікоў
Сёлета ў краінах СНД на запыты Беларусі было затрымана 130 чалавек. Пра гэта паведаміў беларускі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні савета кіраўнікоў МУС удзельнікаў СНД. Сустрэча праходзіць у казахстанскім горадзе Туркестан. Пры гэтым Кубракоў адзначыў, што шмат у чым такой колькасці затрыманняў паспрыяла "дзейнасць па напаўненні міждзяржаўнага інфармацыйнага банку фотавыявамі асоб у росшуку".
У Беларусі тым часам на запыты праваахоўных органаў краін СНД "затрымана 77 злачынцаў".
Выявы, атрыманыя падчас пратэстаў з вулічных камер відэаназірання ў 2020 годзе, дагэтуль застаюцца падставай для пераследу беларусаў. IT-кампаніі Synesis, якая распрацавала і наладзіла гэтую сістэму для сілавікоў, трапіла пад санкцыі ЕС. Яна ўжо некалькі разоў спрабавала аспрэчыць гэтыя санкцыі, днямі прайграла чарговы суд. У ЕС лічаць, што "Synesis прадаставіла беларускім уладам платформу відэаназірання Kipod, якая дазваляе ажыццяўляць пошук і аналіз відэазапісаў, а таксама выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне для распазнання асоб, што робіць кампанію адказнай за рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі з боку дзяржаўнага апарату Беларусі". Акрамя таго, сёлета высветлілася, што беларускую сістэму Kipod ужывалі таксама ў Маскве для выяўлення і пераследу пратэстоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.