У баі з ХАМАС загінуў 38-гадовы ўраджэнец Беларусі

Віталь Карасік

Віталь Карасік / Telegram

У Ізраілі ў баі з ХАМАС загінуў 38-гадовы ўраджэнец Беларусі Віталь Карасік. Ён з сям'ёй жыў у Ашкелоне (у яго 18-гадовая дачка і 8-гадовы сын), служыў у паліцыі, паведамляюць расійскія СМІ.

Вядома, што Карасік нарадзіўся ў Магілёве. Яго жонка з Расіі (з Растова-на-Доне). З яе слоў і вядома пра яго гібель. Ён працаваў следчым аддзела крыміналістыкі Тэль-Авіўскай акругі. Вядома, што Віталь Карасік падчас службы ў войску быў танкістам і медыкам, удзельнічаў у вайсковым канфлікце Ізраіля і Лівана. Пасля перайшоў у паліцыю. Незадоўга да трагедыі яго павысілі ў званні, з'явілася магчымасць атрымаць кіруючую пасаду. Пры гэтым ён стараўся падпрацоўваць ахоўнікам. 7 кастрычніка Карасік быў у ахове музычнага фэста на мяжы з сектарам Газа. Як вядома, яго атакавалі тэрарысты і забілі сотні людзей. сярод загінулых 37 ахоўнікаў.

Віталь Карасік быў застрэлены з аўтамата, у яго прастрэленыя грудзі і твар (відаць, быў кантрольны стрэл). Яго пахавалі ў закрытай труне на вайсковых могілках у Ерусаліме.

У спісах загінулых паліцэйскіх згадваецца старшы сяржант Віталь Карасік. Там жа ёсць і сяржант Алена Астапенка, таксама ўраджэнка Беларусі, якая загінула ў баі з ХАМАС 7 кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі