У Беларусі вызначылі тых, каго не дапусцяць да атэстацыі ў якасці экскурсаводаў

У Гальшанскім замку / osh.by
У Гальшанскім замку / osh.by

У Беларусі вызначылі тых, каго не дапусцяць да атэстацыі ў якасці экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. 9 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваная адпаведная ўрадавая пастанова (№ 839 ад 7 снежня 2022-га).

Высвятляецца, што да атэстацыі не дапусцяць тых грамадзян, якія траплялі пад суд па крымінальных і адміністрацыйных справах па "пратэсных" і "палітычных" артыкулах — "арганізацыя масавых беспарадкаў", "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "распальванне варажнечы", "змова з мэтай захопу ўлады", "здзек над дзяржаўнымі сімваламі" ды іншых. Каб не прапусціць такую асобу, у органы ўнутраных спраў абавязкова будуць рабіць запыты. Калі ж у яе ёсць раней выдадзенае пасведчанне аб атэстацыі, яго анулююць. Яшчэ адзін варыянт пазбавіцца ад "іншадумцаў" сярод экскурсаводаў — гэта заявіць, што яны "не адпавядаюць этычным і прафесійным патрабаванням".

Пра тое, што ў працы экскурсаводаў будзе "наведзены элементарны і выразны парадак", у кастрычніку заявіў кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Змены пачнуць дзейнічаць ужо з 1 студзеня 2023 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі