У Карач праект з НДА, якія заклікаюць не даваць зброі Украіне. Падрабязнасці
Вольга Карач / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У Еўропе і нават ва Украіне ёсць аб'яднанні, якія выступаюць супраць паставак зброі Украіне. Чытачы Еўрарадыё заўважылі, што ў ліку іх партнёраў ёсць беларуская грамадская арганізацыя "Наш дом" на чале з Вольгай Карач.
Даведаліся, як "Наш дом" трапіў у кампанію праціўнікаў зброі для Украіны, і ўспомнілі, хто ў Еўропе супраць такой падтрымкі Украіны.
На сайце арганізацыі "Наш дом" ёсць ініцыятыва "Не — значыць не вайне ва Украіне". Там гаворыцца, што "Наш дом" у кааліцыі з партнёрамі заклікае да дэманстрацый ля амбасадаў Беларусі па ўсёй Еўропе.
— Гэтыя пратэсты прыцягнуць увагу да недапушчальнасці далучэння Беларусі да Расіі ў нападзе на Украіну.
Таксама адзначаецца, што Расія не жадае спыняць вайну, заходнія краіны падтрымліваюць Украіну зброяй, а заклікі да перамоваў застаюцца непачутымі.
Украіне прапануюць негвалтоўны супраціў
Некаторыя ўдзельнікі гэтай кааліцыі адкрыта заклікаюць спыніць пастаўкі зброі ва Украіну.
Напрыклад, адзін з іх — Agir pour la Paix — піша:
— Мы рашуча выступаем супраць адпраўкі зброі ва Украіну, таму што ведаем, што яна распальвае канфлікт і прадухіляе перамовы, якія маглі б прывесці да міру.
У кааліцыю таксама ўваходзіць Украінскі пацыфісцкі рух. Яго кіраўнік Юрый Шэляжэнка выказваецца так:
— Грошы [ЗША на зброю для Украіны. — Еўрарадыё] выдаткуюцца на геапалітычную гегемонію і ваенныя спекуляцыі за кошт дабрабыту амерыканскага народа. Так званы аргумент "абароны" выкарыстоўвае недальнабачнае, эмацыйна маніпулятыўнае асвятленне вайны ў карпаратыўных СМІ.
На думку Шэляжэнкі, акупацыю Украіны Расіяй можна было зрабіць "бессэнсоўнай і цяжкай праз адмову народа ад супрацоўніцтва з акупацыйнымі сіламі, як прадэманстраваў негвалтоўны супраціў Індыі і Нідэрландаў".
Незразумела, як такі падыход мог дапамагчы, напрыклад, людзям у Бучы.
Галоўнае — каб беларусы не ваявалі
Тым часам Вольга Карач знаходзіцца ў пацыфісцкім туры ў Італіі з 20 па 26 лютага. Там жа выступіць Кацярына Ланько з Украінскага пацыфісцкага руху.
Па словах кіраўніцы "Нашага дома", яе асноўны мэсэдж на сустрэчах у Італіі, як і ініцыятывы "Не — значыць не", — гэта распаўсюдзіць ідэю пра тое, што беларусы не павінны ваяваць ва Украіне на баку Пуціна. Таксама тыя, хто адмовіцца ваяваць, павінны атрымаць гуманітарны калідор для выезду і падтрымку за мяжой.
Вольга Карач не адказвае прама, як ставіцца да паставак узбраенняў ва Украіну. Але тлумачыць, чаму "Наш дом" увайшоў у кааліцыю з партнёрамі, якія выступаюць супраць гэтага.
— У Заходняй Еўропе сапраўды шмат людзей і арганізацый, якія адкрыта выступаюць супраць зброі для Украіны і для любой краіны наогул. У іх ёсць мара: калі ніхто не бярэ зброю ў рукі, то ва ўсім свеце няма войнаў. Але, напрыклад, у Беларусі, калі мы не бярэм зброю на нашым пратэсце, то гэта зусім не значыць, што АМАП і ГУБАЗіК не бяруць яе і не ідуць нас забіваць. Але гэта філасофскае пытанне, — кажа Вольга Карач. — У мяне была прапанова ім [партнёрам. — Еўрарадыё] перафарматаваць дзейнасць. Калі яны не хочуць дапамагаць Украіне зброяй, хай дапамагаюць беларусам не трапіць у войска, не ісці на мабілізацыю, якую праводзяць Пуцін і Лукашэнка. І якраз пра гэта — наша кампанія.
Так, людзі змагаліся супраць зброі Украіне, цяпер яны змагаюцца за правы беларусаў, якія не хочуць ісці ў войска.
"Наш дом" таксама падтрымлівае Украіну гуманітарнай дапамогай, адзначае Вольга Карач.
Хто яшчэ ў Еўропе супраць паставак зброі?
У Германіі супраць паставак узбраення ва Украіну выступае правапапулісцкая партыя "Альтэрнатыва для Германіі", а таксама прадстаўнікі Левай партыі.
— Левыя — гэта спадчыннікі гэдээраўскіх камуністаў. А другая партыя, створаная некалькі гадоў таму, "Альтэрнатыва для Германіі" — гэта правыя папулісты. І там, і там ёсць, па-першае, былыя грамадзяне Савецкага Саюза, ёсць людзі з відавочна прарасійскімі не толькі поглядамі, але і сувязямі, і ёсць вялікае падазрэнне ў расійскім фінансаванні, — адзначае ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.
Абедзве партыі падтрымлівалі Расію яшчэ да яе шырокамаштабнага ўварвання. А ў 2019 годзе зусім прапаноўвалі зняць з яе санкцыі. У 2018 годзе "Альтэрнатыва для Германіі" трапіла ў скандал з незаконным фінансаваннем з-за мяжы. Плацёж ішоў са Швейцарыі.
У Італіі выказаўся супраць падтрымкі Украіны зброяй лідар "Руху 5 зорак", экс-прэм'ер Джузэпэ Контэ. У 2018 годзе Контэ расказваў, што на сустрэчы з Пуціным у іх "зарадзілася сяброўства".
У верасні 2022 года Дзярждэп ЗША паведаміў, што Расія выдзеліла не менш за $300 млн палітычным партыям у больш чым 20 краінах. Тады італьянскім палітыкам прыйшлося апраўдвацца, што ніякіх грошай яны не атрымлівалі.
Таксама актыўна падтрымлівае Пуціна яго даўні сябар, прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Гэта дало падставу Міністру замежных спраў Славакіі Расціславу Качару заяўляць, што Орбан хоча "пуцінскага свету".
За гэта Венгрыя атрымлівае эканамічныя прэферэнцыі. У сакавіку 2022 года Орбан заявіў, што Венгрыі трэба падтрымліваць нізкія цэны на энерганосьбіты, абумоўленыя імпартам расійскага газу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.