У Кіеве каліноўцы адзначылі 510-я ўгодкі Аршанскай перамогі над маскоўцамі
Каліноўцы ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры
У Кіеве каліноўцы адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы — 510-я ўгодкі Аршанскай перамогі над маскоўцамі. У пятніцу яны, як і год таму, прыйшлі ва Успенскі сабор Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе знаходзіцца надмагільны помнік князю Канстанціну Астрожскаму. На яго ўсклалі кветкі. Прайшла паніхіда ў памяць Астрожскага і палеглых ваяроў.
Байцы палка Каліноўскага трымалі ў руках сцягі падраздзялення. Разам з імі быў выканаўца абавязкаў камандзіра палка Павел “Дзядзька” Шурмей. Ад Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі быў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук.
У саборы былі і ўкраінскія ваяры. Прысутнічаў амбасадар Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім. "Ёсць іншая Беларусь, прадстаўнікі якой сёння разам з намі змагаюцца за нашую незалежнасць, ваююць з нашым супольным ворагам, — гаварыў ён. — Мы ўсе разумеем, што без дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспекі ў Еўропе. Таму мы сёння падтрымліваем усе рухі, якія выборваюць сапраўдную суверэнную дэмакратычную Беларусь".
Ваяры Палка Каліноўскага атрымалі незвычайную ікону, напісаную на скрынцы з-пад снарадаў, якую каліноўцы прывезлі з фронту.
"Мір і спакой запануе ва Украіне, калі цяперашнія воіны, абаронцы украінскай незалежнасці, беларускай незалежнасці, дакончаць справу Канстанціна Астрожскага", — сказаў прысутны на мерапрыемстве спікер Генеральнага Штабу Украіны Андрэй Кавалёў.
Шурмей перадаў сцяг Палка Каліноўскага, прывезены з фронту, у капеланскі храм пры Кіева-Пячэрскай Лаўры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.