У Мінабароны Беларусі расказалі, каго возьмуць у народнае апалчэнне

Беларускія апалчэнцы / t.me/modmilby
Беларускія апалчэнцы / t.me/modmilby

У атрады народнага апалчэння будуць набіраць добраахвотнікаў "з ліку неваеннаабавязаных альбо грамадзян, не прызваных на ваенную службу па мабілізацыі". Пра гэта расказалі ў Міністэрстве абароны Беларусі. Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб народным апалчэнні".

Пры гэтым "добраахвотнікі мусяць быць здольныя па сваіх асабістых якасцях і стане здароўя выконваць задачы, прадугледжаныя законам". Прадугледжваецца, што забяспечваць усім неабходным іх будуць за кошт мясцовых бюджэтаў, ахвяраванняў і "іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам". Зброю і боепрыпасы выдасць Мінабароны.

У вайсковым ведамстве таксама падкрэслілі, што "залічэнне грамадзяніна добраахвотнікам у народнае апалчэнне не з'яўляецца падставай для вызвалення ад прызыву на ваенную службу па мабілізацыі і спынення працоўных адносін". Наймальнік мусіць адпусціць добраахвотніка ў народнае апалчэнне і захаваць за ім працоўнае месца, а таксама сярэдні заробак. Атрады будуць знаходзіцца ў тых раёнах, дзе сфармаваныя, жыць апалчэнцы будуць у сябе дома. Колькі фарміраваць атрадаў, і колькі ў іх будзе байцоў, мусяць вырашаць мясцовыя ўлады — "з улікам наяўнасці добраахвотнікаў і задач, якія будуць вырашацца". Добраахвотніку таксама могуць адмовіць у залічэнні ў народнае апалчэнне. І гэтая адмова абскарджанню не падлягае, падкрэслілі ў Мінабароны.

Расфарміроўвацца атрады будуць пасля адмены ваеннага становішча або на падставе спецыяльнага ўказа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі