У Мінску прайшла акцыя супраць расійскай ваеннай базы (онлайн, фота, відэа)
На плошчы Свабоды ў Мінску пачалі збірацца людзі на сход супраць размяшчэння ў нашай краіне расійскай вайсковай базы. Першымі прыйшлі супрацоўнікі ў цывільным і журналісты. На акцыю, дазвол на якую арганізатары не атрымлівалі, людзей заклікалі прыходзіць Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька. Першым на плошчы з'явіўся Някляеў.
Прадстаўнікі шэрагу беларускіх апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый лічаць, што з’яўленне расійскай базы "можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі". У прынятай заяве "За Беларусь без чужых вайсковых баз" адзначаецца, што з'яўленне на беларускай зямлі вайсковай базы іншай краіны — "гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам". Дакумент падпісалі Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, Вячаслаў Сіўчык і Вацлаў Арэшка.
2 верасня ўрад Расіі вырашае накіраваць праект пагаднення па авіябазе на подпіс Уладзіміру Пуціну. 18 верасня той праект зацвердзіў. 25 верасня ў расійскай “Независимой газете” з’яўляецца інфармацыя са спасылкай на крыніцы ў Мінабароны Расіі, што пагадненне будзе падпісанае праз некалькі тыдняў на сумеснай калегіі Мінабароны Беларусі і Расіі, і база ў Беларусі з’явіцца на пачатку 2016 года.
Міністэрства абароны Беларусі заняло пазіцыю каменнай сцяны: кіраўнік прэс-службы Уладзімір Макараў на ўсе пытанні дае адзін адказ: “Без аніякіх каментарыяў!”
Дэпутаты кажуць, што пакуль дакументаў у парламент не паступала, але вырашыць пытанне можна даволі хутка.
Дэпутат: Ухваліць пагадненне аб расійскай авіябазе можна за месяц
У праекце пагаднення наконт размяшчэння на беларускай тэрыторыі расійскай авіябазы, што з’явіўся ў СМІ, не прапісаны тэрмін арэнды аэрадрома. Эксперты прагназуюць, што сцэнарыі зыходу расійскіх ваенных з Беларусі магчымыя два: альбо крымскі, альбо узбекскі.
Ці лёгка будзе прыбраць расійскую ваенную базу з беларускай зямлі?