У палітвязня Міколы Статкевіча — пнеўманія, да яго не пусцілі адваката
Мікалай Статкевіч / Еўрарадыё, архіўнае фота
Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў медсанчастцы калоніі, у яго дыягнаставалі пнеўманію. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.
"Сёння да Міколы Статкевіча не пусцілі адваката. Прычына? Патлумачылі клопатам аб яго здароўі. Мікалай — у медсанчастцы. У яго пнеўманія. Пасля трох ранейшых кавідаў", — піша яна.
Па словах Адамовіч, яшчэ ў лісце ад 10 лістапада Статкевіч пісаў ёй, што "падчапіў нейкі вірус". 11 лістапада яго выклікалі "на камісію" — пасля гэтага, кажа жонка, вязня адпраўляюць у ШІЗА (штрафны ізалятар). Яна падазрае, што ў ШІЗА Статкевіча адправілі ўжо хворага, бо ў медсанчастцы ён апынуўся толькі пару дзён таму.
"На жаль, я гэтага дакладна не ведаю. Я вельмі хачу памыляцца. Але новых лістоў — няма, затое інфармацыя пра "камісію" — ёсць. Што за ёй цягнецца ШІЗА, таксама вядома. Тэмпература ж у яго была яшчэ два тыдні таму. Перад тым як размясціць чалавека ў ШІЗА, доктар абавязаны засведчыць, што вязень па стане здароўя можа там знаходзіцца. Праўда? Можа?
Што трэба было рабіць гэтыя два тыдні, наколькі трэба было ігнараваць стан чалавека, каб ён, у выніку, апынуўся ў медсанчастцы? І якім "кранальным" мусіць быць клопат пра яго здароўе зараз, каб не пусціць да яго адваката?" — піша жонка палітвязня.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года. Яго асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.