У план РФ здзейсніць дзяржпераварот у Малдове задзейнічаны найміты з Беларусі
Мая Санду і Уладзімір Зяленскі / newsmaker.md
Расія плануе здзейсніць у Малдове дзяржаўны пераварот з захопам закладнікаў. Пра гэта 13 лютага на прэс-брыфінгу заявіла прэзідэнт Мая Санду. Паводле яе слоў, Масква хоча задзейнічаць пратэсты апазіцыі ў Малдове і прыцягнуць людзей з вайсковай падрыхтоўкай, а таксама грамадзян Расіі, Беларусі, Сербіі і Чарнагорыі — "дыверсанты ў цывільным". Іх мэта — захоп урадавых будынкаў, каб дамагчыся змены ўлады ў краіне, паведамляе newsmaker.md.
Санду нагадала, што яшчэ летась рабіліся спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў Малдове. Але ўлады сарвалі гэтыя планы. Расія ж ад іх не адмаўляецца. Прэзідэнт Малдовы спасылаецца на "дакументы, атрыманыя ад... украінскіх партнёраў". Сярод іх ёсць і інструкцыя для беларусаў, расіян з правіламі ўезду ў краіну.
Мая Санду запэўнівае, што дзяржаўныя органы бяспекі працуюць над недапушчэннем здзяйснення запланаваных Масквой правакацый. Раней пра расійскі план у дачыненні Малдовы расказаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.