У РФ пасля пачатку вайны — другое месца ў свеце па колькасці запампоўванняў VPN
Толькі за першыя тры тыдні ліпеня VPN-сэрвісы ў Расіі спампавалі больш за 12 мільёнаў разоў / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Пасля пачатку вайны з Украінай Расія аказалася на другім месцы ў свеце па колькасці запамповак VPN-прыкладанняў для абыходу блакаванняў у інтэрнэце. Пра гэта піша РБК са спасылкай на статыстыку сэрвісу AppMagic. Гэты сэрвіс аналізуе рынак мабільных прыкладанняў.
Толькі за першыя тры тыдні ліпеня VPN-сэрвісы ў Расіі спампавалі больш за 12 мільёнаў разоў. Для параўнання — у студзені 2022 года такіх запытаў было ўсяго 2 мільёны. А сама Расія па гэтым паказчыку была на 16-м месцы ў свеце.
Часцей за ўсё VPN запампоўвалі ў Маскве і Маскоўскай вобласці, Санкт-Пецярбургу, Калінінградскай і Яраслаўскай абласцях. Пры гэтым на першым месцы ў свеце па запампоўцы VPN-сэрвісаў аказалася Індыя. У пяцёрку лідараў таксама ўваходзяць Пакістан, Інданезія і ЗША.
Нагадаем, пасля пачатку вайны ва Украіне расійскія ўлады пачалі актыўна абмяжоўваць доступ карыстальнікаў у інтэрнэт. Былі заблакаваныя практычна ўсе незалежныя СМІ. Акрамя таго, "экстрэмісцкай" абвясцілі кампанію Meta, якая валодае сацсеткамі Facebook і Instagram. У "Раскамсвабоды" падлічылі, што ў агульнай складанасці блакаванне закранула ўжо 5300 сайтаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.