Украіна можа адказаць ударамі па Беларусі, калі новыя вучэнні абернуцца атакай
Рэжым Лукашэнкі можа нарвацца на знішчэнне вайсковых аб’ектаў у Беларусі / калаж Улада Рубанава
Сумесныя лётна-тактычныя вучэнні Беларусі і Расіі падвышаюць верагоднасць новых ракетных удараў па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Вучэнні праходзяць з 16 студзеня па 1 лютага. У гэты час на тэрыторыі Беларусі павінны быць задзейнічаныя ўсе ваенныя аэрадромы і палігоны ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, ці не збіраюцца Пуцін і Лукашэнка такім чынам зрабіць чарговы наступ на Украіну з Беларусі, і чым можа адказаць Украіна.
Магчымая ракетная атака, але не сухапутная
На думку палітолага Паўла Усава, цалкам магчымы новы удар па Украіне з тэрыторыі Беларусі менавіта з дапамогай авіяцыі і наземных ракетных комплексаў.
— Нездарма ў Беларусі з’явіліся вынішчальнікі, якія могуць несці крылатыя ракеты. З’явіліся сістэмы “Іскандэр” і С-400. Гэта ракетныя сістэмы “зямля-зямля”. Тым больш, што дальнасць гэтых ракетаў вялікая. Яны могуць іх размясціць не пры мяжы, а ў некалькіх сотняў кіламетраў ад мяжы, каб па іх не нанеслі ўдары тыя ж HIMARS. І яны бесперашкодна, у тым ліку і самалёты, з тэрыторыі Беларусі нанясуць ракетныя ўдары па усёй памежнай тэрыторыі Украіны.
Небяспека з пункту гледжання ракетных удараў па Украіне сапраўды ўзрастае. Але стварыць групоўку для сухапутнага наступу на Украіну з тэрыторыі Беларусі, як у пачатку вайны, не атрымаецца, лічыць украінскі вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.
Як на новыя ракетныя ўдары з Беларусі будзе рэагаваць Украіна, залежыць ад таго, чым будуць наносіцца гэтыя ўдары і ці зможа з імі спраўляцца толькі супрацьпаветраная абарона. Ёсць варыянт развіцця падзей, калі Украіна адкажа ўдарамі па Беларусі, працягвае Каваленка.
— Калі гэта будуць удары расійскай авіяцыі, то Украіна будзе імкнуцца знішчаць гэтыя ракеты. У першую чаргу будзе працаваць супрацьпаветраная абарона. Іншае пытанне — ракетныя удары сухапутнымі комплексамі. Бо на тэрыторыі Беларусі, напрыклад, у Зябраўцы знаходзяцца расійскія комплексы С-300 і С-400. Зараз для нас гэта пытанне паўстае вельмі востра, таму што гэтыя комплексы выкарыстоўваюцца як тэрарыстычны элемент. Яны недакладныя, калі наносяць удары, але яны досыць магутныя. Апошнія удары па Кіеўскай вобласці рабіліся комплексамі С-400.
Узброеныя сілы Украіны намагаюцца іх нейтралізаваць на часова акупаваных тэрыторыях. І гэта робіцца як высокадакладнай артылерыяй, так і з дапамогай беспілотнікаў. Што рабіць, калі удары з тэрыторыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі? Не выключаю, што гэтае пытанне будзе стаяць настолькі гучна, што будзе прынятае рашэнне аб нейтралізацыі расійскіх комплексаў С-400 на тэрыторыі Беларусі, калі яны будуць наносіць удары па Украіне, — рэзюмуе эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.