Украіна пагадзілася на ўгоду з ЗША аб карысных выкапнях — СМІ

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп / Reuters
Украіна і ЗША ўзгаднілі пагадненне пра сумесную здабычу карысных выкапняў, уключаючы газ і нафту. Пра гэта ад украінскіх чыноўнікаў даведалася Financial Times.
Паводле звестак выдання, угоду ўхвалілі міністры юстыцыі, эканомікі і замежных спраў, адзначае hromadske.ua. Мяркуецца, што бліжэйшым часам Уладзімір Зяленскі адправіцца ў Белы дом на цырымонію падпісання пагаднення. Мяркуецца, што гэта можа адбыцца 28 лютага. Але перад тым пагадненне яшчэ павінна разгледзець Вярхоўная Рада.
Пагадненне было дасягнута пасля таго, як ЗША адмовіліся ад ранейшага патрабавання аб праве на 500 мільярдаў долараў патэнцыйнага даходу.
Як сцвярджае FT, дакументам прадугледжана стварэнне фонду, у які Украіна будзе ўносіць 50% даходаў ад продажу дзяржаўных мінеральных рэсурсаў, у тым ліку нафты і газу. Таксама ў яго ўвойдзе частка даходаў ад спадарожнай лагістыкі. Сам фонд, як плануецца, будзе інвеставаць у праекты ў Украіне.
Пры гэтым дамова не закранае дзейнасць "Нафтагаза" ці "Укрнафты", якія ўжо напаўняюць бюджэт.
Аднак, адзначае FT, у пагадненні не гаворыцца пра гарантыі бяспекі з боку ЗША, на якіх спачатку настойвала Украіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.