Украіна расследуе расстрэл расіянамі 16 вайскоўцаў, якія здаліся ў палон
На фронце
Украіна расследуе расстрэл расіянамі 16 украінскіх вайскоўцаў, якія здаліся ў палон. Злачынства адбылося на Пакроўскім напрамку (у раёне Мікалаеўкі і Сухога Яру Пакроўскага раёна Данецкай вобласці), паведамляе Офіс генеральнага пракурора Украіны. Яго зафіксаваў беспілотнік.
На апублікаваным відэа зафіксавана, як пад кантролем расійскіх вайскоўцаў байцы УСУ, узятыя ў палон, выйшлі з лесапасадкі. Калі яны выстраіліся ў шарэнгу, расіяне іх расстралялі, а параненых пасля дабілі. "Такія дзеянні з'яўляюцца цынічным і грубым парушэннем Жэнеўскіх канвенцый і кваліфікуюцца як цяжкае міжнароднае злачынства, — кажа генеральны пракурор Андрэй Косцін. — Гэта самы масавы вядомы выпадак забойства ўкраінскіх ваеннапалонных на лініі фронту. І гэта яшчэ адно сведчанне таго, што забойствы і катаванні палонных — не выпадковасць, а мэтанакіраваная палітыка расійскага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва".
У цяперашні час правяраецца апублікаванае відэа, пачаты следчыя і вышуковыя дзеянні, накіраваныя на высвятлянне ўсіх абставінаў названага злачынства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.