Украіна спыняе транзіт расійскага газу ў Еўропу: ці чакаць катастрофы?

Ілюстрацыя Арцёма Маркава

Ілюстрацыя Арцёма Маркава / Заборона

Тэрмін дзеяння пяцігадовага пагаднення аб транзіце расійскага газу праз Украіну ў Еўропу мінае 31 снежня 2024 года. І Кіеў рашуча заявіў пра намер не працягваць супрацоўніцтва з "Газпрамам". Дзесяцігоддзямі ўкраінская газатранспартная сістэма (ГТС) была ключавой артэрыяй для пастаўкі паліва ў Еўрапейскі саюз, застаючыся крытычна важнай нават пасля запуску РФ альтэрнатыўных маршрутаў.

Спыненне транзіту непазбежна паўплывае на еўрапейскі энергетычны рынак, улічваючы, што некаторыя краіны ўсё яшчэ збольшага залежаць ад расійскага газу. Гэта можа справакаваць ваганні цэн на энерганосьбіты і мець эканамічныя наступствы як для Еўропы, так і для Украіны.

Аднак эксперты не прагназуюць катастрафічных сцэнароў для спажыўцоў у ацяпляльны сезон. Расія ж можа страціць значныя фінансавыя паступленні, якія раней накіроўваліся на падтрымку вайны. Пра патэнцыйныя наступствы спынення транзіту праз Украіну і ўплыў гэтага рашэння на энергетычную бяспеку рэгіёна — у матэрыяле рэдактаркі "Забороны" Святланы Гудковай.

"Пампуй або плаці" замест "бяры або плаці"

Першае ж лагічнае пытанне: чаму Украіна не скасавала кантракт яшчэ ў лютым 2022 года, пасля поўнамаштабнага ўварвання? А ўсё таму, што Кіеў павінен быў выконваць свае кантрактныя абавязацельствы перад еўрапейскімі партнёрамі.

"Грошы, якія "Нафтагаз" атрымлівае ад "Газпрама", не пакрываюць нашых выдаткаў на арганізацыю гэтага транзіту, бо "Газпрам" не плаціць поўную цану амаль з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. І наш грашовы паток па гэтай аперацыі пастаянна адмоўны", — патлумачыў кіраўнік групы "Нафтагаз" Аляксей Чарнышоў.

Яшчэ ў 2019 годзе, да падпісання апошняга кантракта, паводле разлікаў Оксфардскага інстытута энергетычных даследаванняў, "Газпраму" не хапала зусім няшмат, каб абыходзіцца без транзіту праз Украіну нават без "Паўночнага патоку-2". Гэты дэфіцыт магутнасцяў манапаліст перакрыў бы за кошт сховішчаў газу ў Еўропе і паставак звадкаванага газу з тэрмінала "Ямал". Рональд Рэйган, дарэчы, выступаў супраць будаўніцтва Ямальскага трубаправода ў 1980-х гадах, бо быў уструбаваны рычагамі ўплыву, якія ён дасць СССР над Еўропай. Яго асцярогі апраўдаліся.

Зрэшты, у выніку працяглых трохбаковых перамоваў Украіна, РФ і Еўрапейскі саюз 30 снежня 2019 усё ж падпісалі кантракт:

— на пяць гадоў з магчымасцю яго пралангацыі яшчэ на 10 гадоў на аналагічных умовах;
— мінімальныя гарантаваныя аб'ёмы прапампоўкі — 65 млрд куб. м газу ў першы год і 40 млрд куб. м — у наступныя чатыры гады. Пры гэтым фактычныя аб'ёмы могуць быць вышэйшымі.

"Кантракт на транзіт паводле прынцыпу "пампуй або плаці" на пяць гадоў — незвычайная падзея. Гэта першы раз у гісторыі Украіны, калі "Газпрам" заключыў кантракт на транзіт паводле еўрапейскага прынцыпу "пампуй або плаці", — каментаваў умовы тагачасны выканаўчы дырэктар НАК "Нафтагаз Украіны" Юрый Вітрэнка. — Дагэтуль толькі закупкі газу ў "Газпрама" пакрываліся падобным, але нявыгадным для Украіны і выгадным для Расіі прынцыпам "бяры або плаці".

То-бок прынцып "пампуй або плаці" абавязвае расійскага пастаўшчыка ў любым выпадку аплачваць названыя ў пагадненні аб'ёмы прапампоўкі незалежна ад фактычных аб'ёмаў. Паводле прынцыпу "бяры або плаці" ўжо Украіна мусіла плаціць незалежна ад таго, ці спажыла яна газ.

Украінская ГТС гатовая да спынення транзіту

Кантракт 2019 года таксама прадугледжваў працэдуру анбалдынгу, то-бок працэсу юрыдычнага і аперацыйнага аддзялення ад "Нафтагаза" функцыі транспарціроўкі газу. Цяпер тэхнічнай эксплуатацыяй ГТС займаецца ТАА "Аператар ГТС Украіны".

РФ вядзе адкрытую вайну ва Украіне з 2014 года, таму падпісанне апошняга кантракта дало час "Аператару ГТС Украіны" падрыхтавацца да працэдуры адмовы ад паслуг РФ. Да таго ж спыненні Масквой у ручным рэжыме транзіту праз Украіну ў 2006 і 2009 гадах дазволілі адпрацаваць некаторыя алгарытмы. Так, газатранспартная сістэма будзе пераарыентаваная на забеспячэнне першачарговых патрэбаў украінцаў.

"Без транзіту ГТС можа перайсці ў рэверсны рэжым працы і транспартаваць газ з падземных сховішчаў, якія пераважна размешчаныя на захадзе Украіны, на ўсход. То-бок праблем з забеспячэннем паліва ўсіх рэгіёнаў не будзе. Але паколькі гэта пазапректны рэжым, могуць узнікаць складанасці з паслабленнем ціску ў сістэме. Каб гэтага пазбегнуць, трэба падтрымліваць ціск шляхам большага выкарыстання газапампавальных агрэгатаў і павялічыць аб'ём газу ў падземных сховішчах", — тлумачыць у каментары "Забороне" дырэктар энергетычных праграм Цэнтра Разумкова Уладзімір Амельчанка.

Украина останавливает транзит российского газа в Европу: ожидать ли катастрофы?
Звесткі: AGSI+. Інфаграфіка: "Заборона"

Ацяпленне будзе, але цана на газ павялічыцца

Спыненне транзіту ніяк не адаб'ецца на ацяпляльным сезоне ва Украіне ў 2024-2025 гадах. Станам на сярэдзіну кастрычніка ў газасховішчах назапашана 12,2 млрд куб. м газу. Гэта пры тым, што за папярэдні ацяпляльны сезон з падземных сховішчаў (ПСГ) было адабрана 8,5 млрд куб. м, з якіх выкарыстана 6,7 млрд кубаметраў.

Украіна кіруе ПСГ агульнай магутнасцю больш за 30 млрд куб. м, што з'яўляецца трэцім самым высокім паказчыкам у свеце, а Більча-Валыцка-Угерскае сховішча з'яўляецца самым вялікім у Еўропе. 80% магутнасцяў — на заходняй мяжы. Зручнасць лагістычных працэсаў робіць захоўванне прыроднага газу выгадным як для ўкраінскіх кампаній, якія працуюць з трансгранічнай транспарціроўкай, так і для замежных трэйдараў.

Украина останавливает транзит российского газа в Европу: ожидать ли катастрофы?
Звесткі: незалежны аналітычны цэнтр Bruegel

Так што газатранспартная сістэма і без транзіту будзе дастаўляць газ спажыўцам. Адзіная праблема, якая можа ўзнікнуць, — расійскія ракетныя атакі па газатранспартнай інфраструктуры.

Але і тут ва ўкраінскай улады ўжо ёсць план работ на ўсе экстранныя выпадкі, запэўнівае старшыня праўлення асацыяцыі "Нафта і газ Украіны" Андрэй Закрэўскі.

"Нават пры масіраванай ракетнай атацы, калі згасне ўсё, ва ўлады ёсць пэўныя планы работ, каб украінцы зімой былі з цяплом і святлом. Я з'яўляюся адным з чальцоў групы пры РНБА [Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны], якая распрацоўвала гэты план, і магу запэўніць, што мы гатовыя да ўсякага развіцця падзей", — запэўнівае эксперт у каментары "Забороне".

Чаму з газавай інфраструктурай крыху лягчэй, чым з энергетычнай? Па-першае, абсталяванне газасховішчаў, газакампрэсарных станцый не такое ўнікальнае і дарагое, як, напрыклад, трансфарматар напругай 750 кВ. Па-другое, у выніку нулявога транзіту 80% ГТС робяцца донарамі 20%. "Вядома, проста не будзе, але большасць спажыўцоў Украіны нават не заўважаць якіх-небудзь збояў. Хоць для гэтага будзе зроблена вельмі шмат працы", — супакойвае Закрэўскі.

Зрэшты, спажыўцы могуць адчуць наступствы на кашальках. Расія плаціла за транзіт, і паводле дзейнага кантракта Украіна павінна была агулам атрымаць блізу 7 млрд долараў даходаў. Частка гэтых сродкаў дзялілася на абслугоўванне газатранспартнай інфраструктуры. Так што ў выпадку непадаўжэння кантракта фінансаванне будзе ўскладзенае на спажыўцоў, мяркуе Уладзімір Амельчанка.

"Вядома, у першую чаргу фінансавыя праблемы закрануць "Нафтагаз" як кампанію, якая заключала кантракт. Аператар ГТС атрымліваў сваю частку як кампанія, якая займаецца эксплуатацыяй. Каб кампенсаваць гэтыя страты, імаверна, давядзецца павышаць тарыф на газ для насельніцтва", — кажа эксперт.

Ненадзейнасць Украіны як транзіцёра

Тут важна адзначыць, што доўгі час тарыфы на газ ва Украіне былі ніжэйшыя за рынкавыя. І гэта адна з прычын стратнасці профільных дзяржаўных кампаній групы "Нафтагаз". Адсюль, у сваю чаргу, і праблемы ў мінулым з аплатамі імпартных паставак і назапашвання даўгоў, якія фармаваліся і праз драконаўскія ўмовы кожнага кантракта.

Таму ўсе асноўныя бакі транзіту расійскага газу ў Еўропу ў розны час спасылаліся на рызыкі пастаўкі і/або транзіту, каб падтрымаць перамоўныя пазіцыі або для апраўдання сваіх дзеянняў. Гэта і адносіны ЕС з РФ, цэны і ўмовы захоўвання.

Адпаведна, еўрапейскія кампаніі, якія закуплялі значныя аб'ёмы расійскага газу, заставаліся прыхільнікамі дыверсіфікацыі транзіту. Гэта было прадэманстравана ў верасні 2015 года акцыянерным пагадненнем паміж Shell, Uniper, BASF, Engie, OMV і "Газпрамам" для будаўніцтва "Паўночны паток-2". Праект быў завершаны ў верасні 2021-га, але так і не быў уведзены ў эксплуатацыю. Германія спыніла працэс зацвярджэння 22 лютага 2022 года, за два дні да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, калі РФ прызнала "ЛДНР".

НАК "Нафтагаз Украіны" гадамі патрабаваў рэгулярных мільярдных субвенцый з дзяржаўнага бюджэту. Пасля перамогі "Рэвалюцыі годнасці" і прыходам у кампанію новых менеджараў сітуацыя кардынальна памянялася. Ужо паводле вынікаў 2016 года група "Нафтагаз" стала найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам (12% паступленняў у дзяржбюджэт).

Акрамя таго, украінскі бок выйграў некалькі судоў на мільярды долараў — пазовы, у прыватнасці, тычыліся парушэння кантрактаў на транзіт, цэн і незаконнай экспрапрыяцыі актываў у акупаваным Крыме.

У Еўропы быў час на падрыхтоўку

Да 2022 года "Газпрам" штогод пастаўляў у ЕС каля 150-155 млрд куб. м газу, з якіх 90 млрд куб. м транспартавалася праз украінскую газатранспартную сістэму ў 2019 годзе. Гэта быў апошні год дзеяння старога кантракта паміж "Нафтагазам" і "Газпрамам". Пасля падпісання новага пяцігадовага пагаднення (у 2019-м) аб'ёмы транзіту скараціліся ўдвая. Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны яшчэ больш паўплывала на гэты працэс, зменшыўшы транзіт больш як на чвэрць — да 15 млрд куб. м у 2023 годзе і да 10 млрд куб. м за першыя восем месяцаў 2024 года.

Украина останавливает транзит российского газа в Европу: ожидать ли катастрофы?
Звесткі: Еўрапейская сетка аператараў газатранспартных сістэм ENTSOG

Гэта стала магчымым дзякуючы актыўнай дыверсіфікацыі паставак прыроднага газу ў еўрапейскія краіны. Адмовіўшыся ад значных аб'ёмаў расійскага трубаправоднага газу пасля пачатку вялікай вайны, Еўропа часткова замяніла яго расійскім звадкаваным газам (ЗПГ), што пастаўляецца танкерамі. З улікам ЗПГ на Расію прыпадае 15% еўрапейскага газу, 30% ЕС атрымлівае з Нарвегіі, 19% прыпадае на ЗПГ з ЗША. Еўрасаюз заяўляе, што хоча цалкам пазбавіцца газу з РФ да 2027 года.

Тым не менш ёсць дзяржавы, якія больш залежалі ад украінскага транзіту — Венгрыя, Славакія, Чэхія і Аўстрыя. Але ці захоўваецца гэтая залежнасць?

Аўстрыя

Гістарычна газавая сетка Еўропы будавалася для транспарціроўкі газу з усходу на захад.
Праз абмежаванне прапускной здольнасці газатранспартных калідораў у многіх рэгіёнах Еўропы немагчыма забяспечыць транспарціроўку значных аб'ёмаў газу з захаду на ўсход ці ад мора да цэнтральнай часткі кантынента.

За выключэннем будаўніцтва Baltic Pipe, якая забяспечыла доступ Польшчы і Даніі да нарвежскага газу, найбуйнейшыя праекты апошніх гадоў ажыццяўляліся "Газпрамам" ("Паўночны паток", "Турэцкі паток"). Мэтай было абысці абмежаванне Трэцяга энергапакета ЕС, каб захаваць фрагментацыю еўрапейскага рынку і залежнасць ад расійскага газу.

Для дасягнення гэтай мэты РФ уклала некалькі дзясяткаў мільярдаў долараў у будаўніцтва збыткоўных газаправодаў, якія дазвалялі абысці краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і пастаўляць газ у большасць еўрапейскіх краін асобна. Пры гэтым "Газпрам" пазбягаў падлучэння новых газаправодаў да наяўнай еўрапейскай сеткі і імкнуўся даставіць свой газ бліжэй да канчатковых спажыўцоў, не адкрываючы канкурэнтам доступу да гэтых рынкаў.

Украина останавливает транзит российского газа в Европу: ожидать ли катастрофы?
Звесткі: Нацыянальны савет па аднаўленні Украіны ад наступстваў вайны

Утвораны такім чынам ізаляваны ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў рэгіён з цэнтрам у Баумгартэне мае патрэбу ў каля 90 млрд куб. м газу ў год. Што адпавядае 2/3 паставак расійскага газу ў Еўропу. Паралельна з гэтым "Газпрам" набыў асноўныя сховішчы газу ў гэтым рэгіёне, абмежаваўшы такім чынам магчымасці назапасіць газ з альтэрнатыўных крыніц на працягу перыяду запампоўкі.

У лютым 2022 года Аўстрыя імпартавала 79% свайго газу з Расіі. У 2024-м сярэдняя агульная доля расійскага газу ў аўстрыйскім імпарце складала 90%. Прадукт "Газпрама" паступае ў Аўстрыю па доўгатэрміновым кантракце (дзейнічае да 2040 года) з мясцовай энергетычнай кампаніяй OMV, на гэтыя пастаўкі, паводле звестак Bloomberg, прыпадае каля паловы ўсяго экспарту "Газпрама" ў ЕС. Краіна, як і іншыя чальцы Еўрасаюза, мае намер цалкам адмовіцца ад расійскага газу да 2027 года.

Венгрыя

Венгрыя большай часткай атрымлівае той жа расійскі газ праз "Турэцкі паток", і ў будучыні чакаецца павелічэнне імпарту на гэтым маршруце. Таксама Будапешт заключыў кароткатэрміновыя кантракты на імпарт звадкаванага прыроднага газу з Турцыі. А павелічэнне транспартных магчымасцяў звадкаванага прыроднага газу, які паступае з харвацкага порта, можа яшчэ больш узмацніць бяспеку пастаўкі краіны, адзначаюць аналітыкі венгерскага інстытута "Макраном".

Такім чынам, як мінімум, на будучы ацяпляльны перыяд венгры забяспечаныя.

Чэхія

Спыненне транзіту не павінна мець ніякіх наступстваў для ацяпляльнага сезона і ў Чэхіі, расказвае "Забороне" чэшскі аналітык Асацыяцыі міжнародных пытанняў Павел Гаўлічэк.

"Чэхія шмат інвеставала, каб цалкам адмовіцца ад расійскага газу. Яшчэ ў лютым 2022 года краіна залежала ад расійскага паліва на больш як 90%, а за год гэтая залежнасць упала да менш за 5%. І ў рэчаіснасці мы больш не маем патрэбы ў расійскім прыродным газе", — кажа ён.

Яшчэ з 2023 года Прага атрымлівае прыродны газ з Нарвегіі, а звадкаваны газ — морам праз Бельгію і Нідэрланды. Праўда, апошнія некалькі месяцаў назіраўся рэзкі рост паставак расійскага прыроднага газу праз яго ніжэйшыя кошты ў параўнанні з імпартаваным праз тэрмінал ЗПГ у Нідэрландах, адзначае Гаўлічэк.

На яго думку, самая вялікая праблема ўсё ж палягае ў залежнасці ад расійскага газу іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, а менавіта Аўстрыі і Славакіі. Хоць Аўстрыя ўсё яшчэ атрымлівае значную частку свайго газу праз Украіну, яна можа імпартаваць газ з Германіі і Італіі. Апошняя ж атрымлівае большую частку паліва з Алжыра (Трансміземнаморскі трубаправод) і Лівіі (Greenstream).

Украина останавливает транзит российского газа в Европу: ожидать ли катастрофы?
Звесткі: Еўрапейская сетка аператараў газатранспартных сістэм ENTSOG

Славакія

У Славакіі таксама няма праблем, упэўнены шэф-рэдактар профільнага славацкага выдання Energie Portal Радаван Патачар. З яго слоў, урад Украіны інфармаваў пра пастанову спыніць транзіт расійскага газу яшчэ з лета 2023 года. Таму славацкія пастаўшчыкі мелі адносна дастаткова часу для пошуку альтэрнатыўных крыніц.

"Славакія можа атрымліваць газ з заходняга, паўночнага і паўднёвага кірункаў, таму краіна не залежыць ад маршруту праз Украіну і, адпаведна, ад расійскага газу. Альтэрнатыўныя маршруты адносна даражэйшыя за транзіт праз Украіну, што азначае дадатковыя выдаткі. Аднак сам газ як тавар з ЗША, Катара і іншых крыніц агулам не даражэйшы за расійскі. Адкуль бы ні паступаў газ, яго цана залежыць ад рынкавых коштаў", — тлумачыць ён у каментары "Забороне".

Украина останавливает транзит российского газа в Европу: ожидать ли катастрофы?
Звесткі: GIE AGSI. Інфаграфіка: "Заборона"

Цана на газ у Еўропе вырасце, але не праз спыненне транзіту

Пакуль у славацкім урадзе яшчэ не вырашылі, якімі будуць цэны на газ у 2025 годзе і колькі будуць плаціць хатнія гаспадаркі, адзначае Патачар. "Адзін з варыянтаў — павысіць цэны на газ для хатніх гаспадарак прыкладна на 30%, іншы варыянт — урад будзе кампенсаваць гэтае павышэнне за кошт дзяржаўных сродкаў, як гэта было ў 2023-2024 гадах", — расказаў эксперт.

У той жа час, дадае ён, павышэнне адбылося б незалежна ад таго, спыніць Украіна свой транзіт ці не, бо яно грунтуецца на біржавых паказчыках. Аднак спыненне транзіту прывядзе да яшчэ большага павелічэння канчатковай цаны.

"Хоць асноўная прычына росту цаны заключаецца ў рынку акцый і цэнах на сыравіну, палітыкі, у тым ліку цяперашнія лідары ўрада, могуць быць схільныя падаваць гэта як следства спынення транзіту", — мяркуе Патачар.

На жаль, гэтым будуць маніпуляваць і прарасійскія ўлады Венгрыі і апазіцыя ў Чэхіі, дадае Павел Гаўлічэк. "Сацыяльна-эканамічныя аспекты асабліва адчувальныя ў перадвыбарчы перыяд, у які мы ўступаем праз некалькі месяцаў [агульныя парламенцкія выбары чакаюцца ў кастрычніку 2025 года], таму гэта можа стварыць прастору для злоўжыванняў з боку папулісцкіх і антысістэмных сіл краіны", — настойвае аналітык.

Транзіт праз Украіну можна зберагчы?

Адным з варыянтаў падаўжэння транзіту з Расіі праз Украіну могуць зрабіцца прамыя дагаворы еўрапейскіх кампаній аб пастаўках газу — як з "Газпрамам", так і з украінскім бокам. У гэтым выпадку кампаніі будуць забіраць газ на расійска-ўкраінскай мяжы і самастойна дамаўляцца з Кіевам пра яго прапампоўку далей на захад.

Іншы варыянт — еўрапейскія кампаніі будуць закупляць азербайджанскі газ, які затым будзе транспартавацца праз тэрыторыю Расіі і Украіны ў Еўропу. Аднак пакуль не існуе прамога газаправода з Азербайджана ва Украіну.

"Так што Баку тут можа выступіць як фірма-пракладка: азербайджанцы перакупяць газ у Расіі, заключаць пагадненне на транзіт з Украіны і будуць яго перапрадаваць у Еўропу як азербайджанскі. Гэта досыць небяспечная схема, бо Азербайджан з'яўляецца досыць моцным саюзнікам РФ", — падкрэслівае дырэктар энергетычных праграм Цэнтра Разумкова Уладзімір Амельчанка.

Ёсць яшчэ і трэці варыянт. Украіна прапануе альтэрнатыву традыцыйнаму транзіту: захоўванне газу ва ўкраінскіх ПСГ з наступным выкарыстаннем уласнікам паводле свайго меркавання. Гэта прапанова зробленая і Азербайджану, і Славакіі.

Паводле схемы Азербайджан мог бы запампоўваць газ ва ўкраінскія сховішчы і прадаваць яго на еўрапейскім рынку ў залежнасці ад попыту. Славакія магла б купляць газ на мяжы, захоўваць яго ва Украіне і выкарыстоўваць пры неабходнасці. Такая схема будзе юрыдычна лічыцца не транзітам, а рээкспартам газу з Украіны.

Газавы хаб ва Украіне

Газатранспартная сістэма Украіны — вельмі каштоўны актыў, які не хацелася б страчваць. Але не транзітам адзіным, бо ўжо даўно кажуць пра магчымасць ператварыць Украіну, якая мае найбуйнейшае газасховішча ў Еўропе, у газавы хаб.

"Гэта залатое дно. Калі на транзіце мы зараблялі да мільярда долараў у год, то на сховішчы мы можам зарабляць ад 6 да 12 млрд долараў у год", — заяўляе старшыня праўлення асацыяцыі "Нафта і газ Украіны" Андрэй Закрэўскі.

У Крамлі выдатна гэта разумеюць, таму і ладзяць атакі па газатранспартнай сістэме. "Удары расіянаў ніяк не адбіваюцца на працы ГТС і саміх сховішчаў, бо яны знаходзяцца глыбока пад зямлёй. Вораг разбівае верхнюю, даволі хутка аднаўляльную інфраструктуру. І гэта значна танней, чым гэтыя ўдары каштуюць самой Расіі [арыентыровачна $15 млрд]. Але для чаго яны гэта робяць? Расіяне хочуць падаць Украіну як ненадзейнага партнёра, які не можа гарантаваць бяспеку сховішчаў. Але мы павінны растлумачыць, што гэта не так, і газасховішчы знаходзяцца ў поўнай бяспецы, бо яны пад зямлёй", — рэзюмуе эксперт.

При поддержке "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі