Украіна толькі цяпер скасавала пагадненне з Беларуссю аб дзяржсакрэтах

Вярхоўная Рада Украіны / Shutterstock
Вярхоўная Рада Украіны / Shutterstock

Украіна толькі цяпер скасавала пагадненне з Беларуссю "Аб узаемным забеспячэнні абароны дзяржаўных сакрэтаў". "Вы не паверыце, але ў нас дагэтуль была [такая] дамова", — піша дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўнік міжфракцыйнага аб'яднання "За дэмакратычную Беларусь" Аляксей Ганчарэнка. 29 чэрвеня ўкраінскі парламент нарэшце звярнуў на яе ўвагу і прагаласаваў.

"Можна было б яшчэ пачакаць, што ж мы толькі праз паўтара года пасля ўварвання гэта зрабілі?", — абураецца дэпутат Ганчарэнка.

Таксама спыняецца дзеянне пагаднення Украіны з Расіяй і Беларуссю аб супрацоўніцтве ў галіне працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны працоўных-мігрантаў ад 1994-га.

Украіна пачала скасоўваць разнастайныя міжурадавыя дамовы пасля 24 лютага 2022-га. Робіцца гэта з мэтай паскарэння згортвання эканамічных і фінансавых сувязяў з Беларуссю як краінай-суагрэсарам. 

У жніўні Украіна скасавала пагадненне з Беларуссю аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі прадпрыемстваў і арганізацый абароннай прамысловасці, а таксама аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі ўнутраных спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі