Уласнік атракцыёна, які зламаўся ў мінскім парку, адмовіўся плаціць кампенсацыю

Атракцыён "Лебедзі" ў парку Чалюскінцаў у Мінску

Атракцыён "Лебедзі" ў парку Чалюскінцаў у Мінску / slivki.by

"Мінскзелянбуд" — уласнік атракцыёна "Лебедзі", пры паломцы якога пацярпелі наведвальнікі парка Чалюскінцаў, адмовіўся плаціць кампенсацыю. Справу давлося разглядаць у судзе.

Як расказвала Еўрарадыё, 6 ліпеня 2024 года ў мінскім парку Чалюскінцаў паламаўся атракцыён "Лебедзі": кабінка звалілася з вышыні трох-чатырох метраў, пацярпела сям'я — двое дарослых і дзіця. Жанчыну з дзіцем шпіталізавалі. У хлопчыка быў удар "у вобласці грудудапаяснічнага аддзела пазваночніка", у яго маці — "у вобласці левага локцевага сустава". Бацька да медыкаў не звяртаўся.

15 ліпеня, як піша "Зеркало", сям'я накіравала прэтэнзію на адрас "Мінскзелянбуда" з патрабаваннем кампенсаваць ім маральную шкоду і выплаціць па 5000 рублёў кожнаму. Прадпрыемства адмовілася.

Таварыства абароны спажыўцоў дапамагло падаць пазоў у суд Заводскага раёна Мінска. Хаця прадстаўнік прадпрыемства не прызнаў пазоў, суд прыняў рашэнне на карысць пацярпелай  сям'і. Было пастаноўлена спагнаць з "Мінскзелянбуда" 3000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды — 1500 рублёў на карысць дзіцяці, 1000 — яго маці, 500 — бацьку.

"Мінскзелянбуд" будзе абавязаны заплаціць Таварыству абароны спажыўцоў амаль 1800 рублёў. Акрамя таго прадпрыемства аштрафавалі на 3000 рублёў, з якога 300 пойдзе зноў жа гэтаму грамадскаму аб'яднанню.

У судзе адзначылі, што атракцыён быў зроблены ў 2006 годзе і разлічаны на сем гадоў службы. У акце тэхнічнага расследавання прычын паломкі напісана, што аварыя стала наступствам:
дэфектаў, дапушчаных пры вырабе атракцыёну;
высокага ўзроўню нагрузкі, які адбіўся на трываласці матэрыялу шва;
эксплуатацыі атракцыёну на працягу 18 гадоў пры прызначаным тэрміне службы сем гадоў;
адсутнасці магчымасці ў перыяд эксплуатацыі выявіць дэфекты зварнога злучэння, дапушчаныя пры вырабе атракцыёну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі