"Увесь жах адпачынку" і "ўнікальнае месца ў Еўропе": дзе адпачыць у Беларусі
У Беларусі можна нядрэнна прабавіць час нават з невялікім бюджэтам / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі летні адпачынак вы вырашылі прабавіць у Беларусі, але яшчэ не выбралі, куды паехаць, мы сабралі для вас варыянты на самы розны бюджэт.
Санаторыі: аздаравіцца за сярэднюю зарплату або лакшэры-стыль
Санаторыяў у Беларусі даволі шмат, і ёсць вельмі прывабныя. Пытанне толькі ў цане.
Знаходзім санаторый "Баравое". Ён у хвойным бары, на беразе возера. Недалёка — Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Тут прапануюць шмат розных праграм. Выбіраем , напрыклад, "Перазагрузку", разлічаную на 10 дзён. У апісанні абяцаюць перамагчы працяглы стан стомленасці і стрэсу. У праграму сярод іншага ўваходзяць міні-саўна "Кедравая бочка" (3 сеансы), механічны апаратны масаж (5 працэдур), СПА (2 працэдуры), фітатэрапія, лячэбная фізкультура, дзве кансультацыі з дактарамі і электракардыяграма. Здаецца, сумаваць не давядзецца. А колькі каштуе?
У залежнасці ад абранага памеру суткі ў аднамесным нумары будуць каштаваць ад 138 да 189 рублёў. Атрымліваецца, уся праграма будзе каштаваць ад 1380 да 1890 рублёў.
На сайце санаторыя можна знайсці некалькі відэа, каб зразумець, што адбываецца ўнутры. Калі месца спадабаецца, то варта паспяшацца — свабодных датаў мала.
У рамках "Антыстрэсу" на сем дзён, напрыклад, прапануюць кансультацыю тэрапеўта, цыркулярны душ і басейн — па чатыры наведванні. Яшчэ тры ёдабромныя ванны, чатыры сухія вуглякіслыя ванны, масаж і іншае. Падобна, праграма насычаная.
У залежнасці ад нумара каштаваць такое будзе ад 577,15 да 740,11 рубля.
На TripAdvisor ён уваходзіць у топ-30 па суадносінах цана-якасць. Водгукаў няшмат, але сярод іх ёсць такі: "Увесь жах адпачынку!" Не спадабалася наведніку, як там з чысцінёй, і нязручная інфраструктура, калі чалавек у вазку ці цяжка падымацца па прыступках. Ёсць і станоўчы водгук, дзе задаволеныя чысцінёй і мясцовымі відамі, праўда, ацэнка больш ранняя.
Мабыць, самы дарагі варыянт, дзе праблем з чысцінёй дакладна быць не мусіць, — санаторый "Альфа Радон".
Цана самага таннага нумара, дзе вы будзеце знаходзіцца адны, — 261 рубель за суткі. Затое за год ён падаражэў усяго на рубель. Мінулым летам мы бачылі гэты ж нумар за 260 рублёў, але месцаў туды на найбліжэйшы час няма. Іншыя нумары, якія яшчэ засталіся, абыдуцца ў суму ад 4730 да 8360 рублёў за 10 начэй.
Калі вам будуць патрэбныя СПА-праграмы і аздараўленчыя курсы, то ў залежнасці ад выбару кошт можа складаць тысячы рублёў. Праўда, медпраграмы выглядаюць пераканаўча.
Экспрэс-адпачынак — гэта можа быць вельмі ярка
Калі большую частку адпачынку вы хацелі б прысвяціць сабе ў звыклай прасторы, але і выбрацца кудысьці хочаце на дзень-два, то можна знайсці добрую альтэрнатыву шашлыкам.
Напрыклад, аквапарк “Лебядзіны”, калі любіце ваду. Тры гадзіны там каштуюць 54 рублі, а ўвесь дзень — 105 рублёў.
Хочаце чагосьці пазнавальнага — можна паехаць у Нясвіжскі замак. Аглядная музейная экскурсія "Палац Радзівілаў" для групы да 25 чалавек каштуе 32 рублі. Амаль на дзве гадзіны можна занурыцца ў беларускую гісторыю. Улічваючы тое, што замак прасторны, трэба будзе пастаянна мяняць абстаноўку. А экскурсавод раскажа пра займальныя дэталі з жыцця Радзівілаў, таму сумна быць не мусіць.
Калі ўсё ж такі трэба нешта бліжэйшае да прыроды, выдатны варыянт — зааландшафтны парк “Дзіпрыз” у Баранавічах. Яго называюць унікальным у Еўропе.
"З кастрычніка 2016 года на тэрыторыі 400 гектараў жывуць дэкаратыўныя птушкі і рэдкія жывёлы, а таксама высаджаныя ўсе віды дрэваў, якія растуць у Беларусі", — гаворыцца ў апісанні.
На агляд усяго лёгка пойдзе ўвесь дзень. Тут можна ўбачыць самых розных жыхароў, ад традыцыйных беларускіх да экзатычных. Напрыклад, у "Дзіпрызе" ёсць азіяцкі буйвал, руды кенгуру, авечкі рацка, сударскія казлы і іншыя рэдкія антылопы.
Білет для дарослага каштуе 20 або 30 рублёў — у залежнасці ад таго, якую тэрыторыю вы хацелі б агледзець. Для дзяцей — 15 і 20 рублёў.
Яшчэ варыянт — адправіцца ў паход. Яго можна арганізаваць самастойна, а можна даручыць гэта іншым людзям. Калі проста хадзіць сумна — сумясціце гэты від адпачынку са сплавамі на байдарках, роварнымі прагулкамі, квэстамі або майстар-класамі. Напрыклад, ёсць прапанова на 1-3 дні для групы ад 20 чалавек, дзе ўсё зробяць за вас. Каштаваць такое будзе ад 210 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.