Ужо другі арыштаваны ў Арменіі беларус папрасіў палітычнага прытулку

Ерэван

Ерэван / verelq.am

24-гадовы беларус Максім Вайткявічус, якога на пачатку лютага затрымалі на армянскай мяжы, а пасля змясцілі пад варту з перспектывай экстрадыцыі ў Беларусь, папрасіў даць яму палітычны прытулак. Пра гэта паведамляе "Радыё Свабода".

У Беларусі Вайткявічус абвешчаны ў вышук. Яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад службы ў войску.

Вайткявічус расказаў прадстаўнікам Хельсінскай грамадзянскай асамблеі, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у вулічных пратэстах у Беларусі. Падчас іх яго арыштавалі на 14 сутак і катавалі ў турме. Але суд праігнараваў гэтыя абставіны і пастанавіў арыштаваць беларуса "да паступлення хадайніцтва аб экстрадыцыі".

"Калі Арменія прыме рашэнне пра экстрадыцыю Вайткявічуса, яна стане прамым саўдзельнікам парушэння артыкула 3 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, таму што ўжо ёсць выразныя абгрунтаванні і сцвярджэнні, што чалавек сапраўды ўцёк ад гвалту", — сцвярджае адвакатка хлопца Ані Шаціньян.

Раней палітычнага прытулку ў Арменіі папрасіў яшчэ адзін арыштаваны беларус — 24-гадовы Яраслаў Новікаў. Беларускія ўлады дамагаюцца ад Ерэвана яго экстрадыцыі. Цяпер Новікаў знаходзіцца ў турме і чакае адказу на сваю заяву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі