Ваяваць і не сесці. Навошта беларускім добраахвотнікам грамадзянства Украіны
На вайне пашпарты губляюцца, тонуць і гараць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ва Украіне стварылі петыцыю, у якой заклікаюць прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага даць украінскае грамадзянства беларускім добраахвотнікам. У петыцыі гаворыцца, што цяпер беларусы — самыя неабароненыя з замежнікаў, якія ваююць ва Украіне. Просты прыклад: у выпадку трапляння ў палон беларуса могуць вярнуць толькі дадому. Дзе за наёмніцтва яму пагражае сур'ёзны тэрмін.
І што будзе пасля вайны? Ці абароняць законы беларускіх добраахвотнікаў?
— Многія хлопцы адмовіліся ад атрымання статусу ўцекача ў Польшчы і з'ехалі, каб абараняць Украіну. Палякі на мяжы дзівіліся: як? Навошта?
У будучыні ім будзе складана легалізавацца ў ЕС. Дадому — нельга. Іх адзіны варыянт — застацца ва Украіне. Але ці будуць яны патрэбныя Украіне пасля вайны? — піша нам жонка аднаго з беларускіх добраахвотнікаў.
Мы пагаварылі з юрыстамі і людзьмі, якія ўжо прайшлі працэдуру легалізацыі ва Украіне, адваяваўшы ў складзе дабрабата. Вось што яны расказваюць.
Баявыя дзеянні скончацца — пашпарт таксама
Вольга пазнаёмілася з мужам на фронце. У 2014 годзе ён, грамадзянін Расійскай Федэрацыі, падтрымаў Майдан і паехаў ваяваць з апалчэнцамі на баку Украіны.
— Ён рамантык і спачатку не асабліва думаў пра юрыдычныя пытанні. Лічыў, што з перамогай Майдана ўсе яны вырашацца самі сабой. Потым — фронт, і зноў было не да таго. Карацей, з легалізацыяй зацягнуў, як і шмат хто іншы.
Прыязджаючы ва Украіну, добраахвотнікі не думаюць пра змену грамадзянства. Не думаюць, што трэба кудысьці бегчы з дакументамі. Але я раю пачынаць займацца гэтымі пытаннямі як мага хутчэй, — кажа Вольга.
Галоўная праблема, якая ўзнікала раней не толькі ў расіян, але і ў беларускіх добраахвотнікаў: рана ці позна скончыцца не толькі вайна, але і беларускі пашпарт. Вярнуцца дадому яны не маглі. У Беларусі ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі чужой краіны — гэта крымінальны артыкул аб наёмніцтве.
Другая праблема яшчэ больш банальная — страта дакументаў. На вайне пашпарты губляюцца, тонуць, згараюць, кажа Вольга. Абодва пашпарты яе мужа згарэлі яшчэ ў дні Майдана.
— Беражыце дакументы і не забывайце сачыць за іх тэрмінам дзеяння, — раіць Вольга беларускім добраахвотнікам. — Памятайце, што аднойчы скончацца і баявыя дзеянні, і ваеннае становішча. Служба ва УСУ таксама аднойчы скончыцца. І тады рэзка ўстане пытанне, што ж рабіць з дакументамі, калі чалавек захоча заставацца ва Украіне.
Праз страчаныя дакументы мужу Вольгі давялося пачаць працэдуру легалізацыі не з падачы дакументаў на грамадзянства, а з афармлення статусу ўцекача.
— У нас гэтая працэдура заняла год, пры тым, што нам усе дапамагалі — і журналісты, і адвакаты. Дый у цэлым уцякацтва ва Украіне часцей не даюць, чым даюць. Часта даводзіцца праз суд аспрэчваць рашэнні міграцыйных службаў.
Але нават калі вы атрымліваеце статус уцекача, асаблівых прывілеяў ён вам не дае. Могуць быць і праблемы з працаўладкаваннем: працадаўцы не асабліва хочуць браць людзей з такім дакументам. І за мяжу выязджаць значна складаней, чым з пашпартам грамадзяніна Украіны. Але калі вы згубілі наогул усе дакументы, то на худы канец і ўцякацтва — выйсце з сітуацыі.
Новы пашпарт. Украінскі
Ёсць і добраахвотнікі, якіх вайна заспела ў разгар афармлення статусу ўцекача. Праблема ў тым, што да атрымання гэтага статусу яны не маюць права на працаўладкаванне ва Украіне. Уключаючы службу ва УСУ.
— Хлопцаў паставілі перад складаным выбарам — працягваць афармляць дакументы або пайсці на кантракт ва УСУ. Навошта ставіць чалавека перад такім выбарам? — расказвае нам адзін з беларускіх добраахвотнікаў.
Але калі пашпарт не згарэў і не згубіўся, то добраахвотнік зможа падацца на ўкраінскае грамадзянства — і тады статус уцекача не будзе патрэбны.
Украінскі юрыст Максім Касцецкі перакананы, што ўсе добраахвотнікі маюць і маральнае, і законнае права прэтэндаваць на ўкраінскае грамадзянства.
— І такая практыка неаднойчы ўжывалася, пачынаючы з 2014 года. Прэзідэнт даваў грамадзянства тым вайскоўцам, якія абаранялі Украіну і праявілі сябе на полі бою.
Але гэта не заўсёды было аднолькава проста. Вольга кажа, што ў 2015–2016 гадах добраахвотнікам даводзілася літаральна "выбіваць" украінскае грамадзянства. Працэдуры былі доўгія, многім даводзілася звяртацца ў суды, каб абскардзіць адмовы. Але ў 2019–2020 гадах сітуацыя пачала мяняцца.
— У апошнія гады працэс паскорыўся, з'явіліся новыя ўцямныя працэдуры.
І становішча цяперашніх добраахвотнікаў выгадна адрозніваецца ад сітуацыі 2014 года яшчэ і тым, што ў шмат каго з іх падпісаны афіцыйныя кантракты з УСУ.
Раней добраахвотнікам трэба было пачынаць з атрымання статусу ўдзельніка баявых дзеянняў. Для гэтага трэба было сабраць пакет дакументаў: ад сведчанняў пабрацімаў да характарыстыкі ад камандзіра. З гэтым пакетам дакументаў праз Міністэрства па справах ветэранаў добраахвотнік мог падавацца на грамадзянства. У Вользінага мужа ўся гэтая працэдура заняла год.
А што, калі сітуацыя крытычная, беларускі пашпарт заканчваецца і грамадзянства трэба тэрмінова? Калі няма магчымасці чакаць цэлы год? Максім Касцецкі кажа, што пакуль няма дэталёвага алгарытму, які б прапісваў працэдуру хуткага прысваення грамадзянства. Усё вырашае прэзідэнт Украіны.
— Зразумела, што гэта не будзе масавай з'явай. Але я думаю, што Дзяржаўная міграцыйная служба пойдзе насустрач такім людзям і дасць ім часовы від на жыхарства ва Украіне.
Пры УСУ або самі па сабе
Магчымыя некалькі варыянтаў удзелу замежнікаў у баявых дзеяннях ва Украіне, тлумачыць Еўрарадыё Максім Касцецкі. Першы і аптымальны варыянт — яны падпісваюць кантракт з Узброенымі сіламі Украіны.
— Замежнікі ў добраахвотным парадку могуць паступаць на вайсковую службу па кантракце ва УСУ на званні радавога, сяржанта і старшыны. У такіх выпадках яны падпарадкоўваюцца нормам украінскага заканадаўства, якое рэгулюе пытанні вайсковай службы, а таксама палажэнням Жэнеўскай канвенцыі ад 1949 года і дадатковым пратаколам ад 1977 года. На іх распаўсюджваецца прававы статус камбатантаў.
Гэта азначае, што з імі павінны абыходзіцца як з ваеннапалоннымі ў выпадку трапляння ў рукі ворага, яны ўспрымаюцца нароўні з вайскоўцамі — грамадзянамі Украіны.
Другі варыянт — удзел у добраахвотніцкіх структурах. Такія добраахвотніцкія падраздзяленні не ўваходзяць у склад рэгулярных Узброеных сіл.
Максім падкрэслівае: так, ёсць небяспека, што за мяжой такія дзеянні могуць трактаваць як наёмніцтва. А наёмніцтва — крымінальнае злачынства.
— Пытанне добраахвотніцкіх фармаванняў да канца ва ўкраінскім заканадаўстве не адрэгуляванае. Але ўжо цяпер ёсць ініцыятывы, якія прадугледжваюць атрыманне сацыяльных гарантый дабрабатамі і гарантый абароны для ўсіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. Але я думаю, што ў далейшым заканадаўства будзе дарэгулявацца.
За мяжой без якіх-небудзь запытаў з боку трэціх краін, напрыклад Расійскай Федэрацыі, праблем узнікаць не павінна. А ў выпадку, калі такія будуць, то, думаю, украінская дзяржава будзе рабіць усё, каб абараніць такіх грамадзян, — кажа Максім Касцецкі.
Для самой Украіны беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на яе баку, наймітамі, вядома, не будуць.
— Каб чалавека трактавалі як найміта, ён павінен выказваць ідэі, якія будуць успрынятыя як агрэсія на адрас украінскай дзяржавы. У астатніх выпадках удзел у дабрабаце такім чынам не трактуецца, — тлумачыць юрыст.
Як паводзіць сябе добраахвотнікам у мірным жыцці? Як пазбегнуць базы "Інтэрпола" і чаму пра адпачынак у Егіпце лепш забыцца? Чытайце ў іншых матэрыялах Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.