Яе называлі Маці Тэрэза: з пенсіянеркі зрабілі тэрарыста па "справе Аўтуховіча"

Галіна Дзербыш / фота з сямейнага архіва
Галіна Дзербыш / фота з сямейнага архіва

Галіна Дзербыш — палітзняволеная "бабуля-тэрарыстка". Ёй 61 год, і яна фігурантка "справы Аўтуховіча". Да пенсіі яна працавала бухгалтарам. Таксама амаль 15 гадоў была назіральнікам на выбарах, дзе не баялася гаварыць пра парушэнні.

Галіну арыштавалі 10 снежня 2020 года. Пры ператрусе ў яе доме не знайшлі нічога, што звязвала б яе са "справай Аўтуховіча", а ў яе сям'і пра Аўтуховіча да арышту нават не чулі. Тым не менш суд прызнаў пенсіянерку з другой групай інваліднасці, анкалогіяй і праблемамі з сэрцам тэрарысткай. Гродзенскі суддзя Максім Філатаў пакараў яе 20 гадамі калоніі агульнага рэжыму і штрафам — 22,4 тысячы рублёў. Калі не пагасіць запазычанасць, яе маёмасць канфіскуюць.

Як сілавікі патрабавалі ад сям'і адмовіцца ад мамы, а прапагандыстка Лебедзева гатовая была лезці ў чужую хату праз плот дзеля сенсацыі пра "тэрарыстку", Еўрарадыё расказала малодшая дачка палітзняволенай Наталля.
 

"Ад дзеянняў "тэрарыстаў" ніхто не пацярпеў"

Её называли Мать Тереза: из пенсионерки сделали террориста по “делу Автуховича”
Галіна Дзербыш / фота з сямейнага архіва

Наталля паехала ў Еўропу да сваякоў і не бачыла маму ўжо два гады.

— Калі пачалася эпідэмія COVID-19, я прыязджала наведаць.

Цяпер яны могуць і не пабачыцца. Бо тэрмін Галіны — фактычна пажыццёвае зняволенне, кажа Наталля.

— Без віны вінаватыя — вось праўда "справы Аўтуховіча". Справа цалкам палітычная, паказная і сфальсіфікаваная. Калі ўладзе няма чаго хаваць і ёсць усе доказы віны падсудных, чаму суд праходзіў непублічна і ў апошні месяц стаў наогул закрытым? Адно можна дакладна сказаць: ад дзеянняў так званых "тэрарыстаў" ніхто не пацярпеў і не загінуў.

Её называли Мать Тереза: из пенсионерки сделали террориста по “делу Автуховича”
Галіна на сваім участку / svoboda.org

Жыццё Галіны да затрымання зусім не было падобнае да жыцця тэрарысткі.

— Мама ўвесь час дапамагала людзям, — кажа Наталля. — Усе ведалі, што могуць да яе звярнуцца і яна не пакіне іх у бядзе. У сям'і мы называлі яе Маці Тэрэза. Яна дапамагала і жывёлам, брала іх з вуліцы, з прытулкаў. У нас на ўчастку жыве 15 катоў. Кожны сезон яна збірала гародніну са свайго агарода і вазіла ў гродзенскі заапарк. Мама — вельмі добрай душы чалавек, які не павінен знаходзіцца ў турме.

З лістоў, якія даходзяць вельмі рэдка, Наталля ведае, што мама трымаецца стойка, нягледзячы на цяжкія ўмовы. Без нармальнай медыцынскай дапамогі стан Галіны пагоршыўся.

— Мама — гераіня, дух якой немагчыма зламаць. Апошнім часам яна вельмі моцна хварэла. Суддзя нават выклікаў лекара падчас пасяджэння. Карцар змянялі адзін за адным, пры гэтым не ўлічвалі і не разбіралі, за што. На судовым пасяджэнні супрацоўнікі турмы заявілі, што не ведалі, што яна інвалід другой групы і ўтрымліваецца ў адзіночнай камеры. Пры гэтым чалавек у іх знаходзіцца 22 месяцы.
 

"Сілавікі ціснулі, каб мы адмовіліся ад мамы" 

Её называли Мать Тереза: из пенсионерки сделали террориста по “делу Автуховича”
Галіна з унукам / фота з сямейнага архіва

Сям'я Галіны сутыкнулася з прэсінгам сілавікоў і пераследам прапагандысцкімі СМІ, кажа Наталля.

— На нас ціснулі сілавікі, спрабавалі пераканаць, каб мы адмовіліся ад мамы, паколькі яна, на іх думку, тэрарыстка.

Двойчы прапагандыстка Лебедзева са сваёй гоп-кампаніяй хадзіла ля плота бацькоўскага дома, парушаючы асабістую прастору і тэрыторыю прыватнай уласнасці. Дзеля "сенсацыі" Лебедзева ў агрэсіўнай спробе справакаваць сваякоў на эмоцыі гатовая была лезці праз плот, пераследаваць сваякоў і іх непаўналетніх дзяцей.

Разам з тым сям'я Галіны ўдзячная беларусам, якія не пакінулі ў бядзе і дапамаглі з выплатай запазычанасці перад адвакатам.

— Я хачу папрасіць усіх беларусаў, каб яны не забывалі пра палітвязняў і пра іх родных, каб не пакідалі іх сем'і без падтрымкі, сам-насам з велізарным горам. Я на асабістым досведзе адчула, наколькі вялікае значэнне гэта мае. Менавіта падтрымка дапамагае рухацца далей, дае сілу і веру, — кажа на заканчэнне Наталля.

Падтрымаць Галіну тэлеграмамі і лістамі можна па адрасе:
Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Галіна Іванаўна Дзербыш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі