Як і куды трацілі грошы кандыдаты ў прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі

Як і куды трацілі грошы кандыдаты ў прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі

ЦВК распавёў Еўрарадыё, на што пайшлі сродкі з фондаў: Лукашэнка патраціў на агітацыйныя матэрыялы амаль 1,3 мільярда рублёў, Караткевіч ― 19,5 мільёна.

 

Цэнтрвыбаркам у адказе на зварот Еўрарадыё падаў звесткі пра тое, куды пайшлі грошы кандыдатаў у прэзідэнты з іх выбарчых фондаў. У лісце гаворыцца, што "ў адпаведнасці з выбарчым кодэксам, ЦВК абавязаная інфармаваць толькі пра агульную суму сродкаў, якія паступілі ў выбарчыя фонды кандыдатаў і пра агульную суму выдаткаў". Аднак расказаць пра тое, на што канкрэтна былі патрачаныя грошы, ЦВК усё ж паспрабаваў.

Напрыклад, з 42-х мільёнаў, якія афіцыйна патраціў на выбары штаб Гайдукевіча, амаль 30 пайшло на выраб агітацыйных матэрыялаў. Яшчэ 12 мільёнаў — на “агітацыйныя і кансультацыйныя паслугі”.

Таццяна Караткевіч у выбарчы фонд назбірала амаль 25 мільёнаў. 335 тысяч рублёў з гэтых грошай пайшло на аплату эфірнага часу ў СМІ, яшчэ 1,5 мільёна — на “аплату месца для публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і на інфармацыйных рэсурсах, размешчаных у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт”. 19 мільёнаў 404 тысячы Караткевіч патраціла на выраб агітацыйных матэрыялаў, яшчэ 3 мільёны 766 тысяч пайшло на арэнду будынкаў і памяшканняў.

Кандыдат Мікалай Улаховіч назбіраў 33 мільёны 318 тысяч. Амаль 30 мільёнаў патраціў на друк улётак і іншую агітацыю. Яшчэ крыху больш за 3 мільёны — на “кансультацыйныя і агітацыйныя працы”.

Самымі цікавымі з’яўляюцца выдаткі штаба кандыдата Лукашэнкі. Ён меў на кампанію ажно 1 мільярд 541 мільён 935 тысяч рублёў. На аплату публікацый у СМІ і на інтэрнэт-сайтах афіцыйна пайшло 15 мільёнаў 355 тысяч. На выраб агітацыйнай прадукцыі — 1 мільярд 276 мільёнаў 794 тысячы. Арэнда будынкаў і памяшканняў каштавала штабу Аляксандра Лукашэнкі амаль 34 мільёны рублёў. Загадкавая пазіцыя “іншыя выдаткі, звязаныя з перадвыбарнай агітацыяй” — 216 мільёнаў.

 

Паводле афіцыйных вынікаў выбараў, агучаных Цэнтрвыбаркамам, За Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 83,47% выбаршчыкаў. За Таццяну Караткевіч — 4,44%. Сяргей Гайдукевіч набраў 3,3%, Мікалай Улаховіч — 1,67% галасоў.

Штаб Караткевіч аспрэчыў афіцыйныя вынікі, падаўшы скаргу ў ЦВК з патрабаваннем прызнаць выбары несапраўднымі. На думку прыхільнікаў кандыдата ад “Гавары праўду”, Караткевіч набрала каля 25% галасоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі