Як склаўся лёс беларусаў, якім пагражала дэпартацыя — згадваем гучныя гісторыі
Гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з дэпартацыяй
Днямі стала вядома, што былы беларускі афіцэр і вэтэран палка Каліноўскага Васіль Верамейчык трапіў у палон беларускіх улад — мужчыну арыштавалі і дэпартавалі ў Беларусь з В’етнама, дзе ён жыў апошнім часам.
Выпадак з Верамейчыкам за апошнія чатыры гады рэпрэсій — далёка не адзіны, калі беларускія эмігранты рабіліся аб’ектамі палявання з боку рэжыму Лукашэнкі.
Еўрарадыё згадвае найбольш гучныя выпадкі, калі беларусам пагражала прымусовае вяртанне ў Беларусь, і чым гэта выпрабаванне заканчвалася.
Французскія прыгоды Аляксея Кузьміча
Фізіялагічнае па форме і правакатыўнае па сутнасці мастацтва акцыяніста Аляксей Кузьміча моцна раздражняе не толькі рэпрэсіўны беларускі рэжым і наша кансерватыўнае грамадства. Яно прыйшлося не даспадобы і ўладам Францыі — краіны, якая традыцыйна адкрытая да свабоды мастацкага самавыяўлення. Прынамсі, на словах.
За свой ліпеньскі перформанс “Рэнесанс”, падчас якога Кузьміч спрабаваў пакапаць падножжа магілы Ван Гога, французская паліцыя спачатку арыштавала беларуса, а потым адправіла яго ў дэпартацыйны цэнтр для замежнікаў.
Толькі дзякуючы зладжанай працы праваабарончых арганізацый, беларускага мастацкага і культурнага кам'юніці, падтрымцы блізкіх, а таксама вялікай працы адвакатаў, мастака не сталі высылаць ні ў Беларусь, ні ў Расію.
Зрэшты, гэта не спыніла энтузіязм Кузьміча, які паспеў правесці ў верасні ў Парыжы новую акцыю пад назвай “Апладненне” — і атрымаць за гэта хатні арышт.
Кузьміч атрымаў палітычны прытулак у Польшчы, але, як ён піша сам, “месца, у якім ён вырашыць заняцца мастацтвам, павінна спачатку гэтае права заслужыць”, таму яго прыгоды на мяжы фолу цалкам могуць працягнуцца ў новай краіне.
Сербская пастка для Андрэя Гнёта
Наўрад ці відэамейкер і палітычны актывіст Андрэй Гнёт разлічваў, што яго службовая паездка ў кастрычніку 2023 года ў Сербію можа выліцца ў суцэльную катастрофу, якая створыць пагрозу не толькі яго свабодзе, але і жыццю.
Але менавіта так і склалася — беларуса арыштавалі на запыт Інтэрпала па эканамічнай справе, якую выдумалі лукашэнкаўскія сілавікі.
Мужчына амаль 7 месяцаў правёў у сербскай турме, потым яго перавялі пад хатні арышт, падчас якога юрысты і палітыкі з дэмакратычнага кола паставілі на вушы амаль увесь Еўрасаюз, адбіваючы некалькі спробаў уладаў Сербіі дэпартаваць мужчыну на радзіму. І толькі ў кастрычніку дзякуючы звышнамаганням беларусу далі магчымасць выехаць з Сербіі.
Цяпер Гнёт знаходзіцца ў Германіі, але справа аб яго дэпартацыі ў Бялградзе ўсё яшчэ застаецца адкрытай і з ёй працуюць адвакаты.
Грузінская “гасціннасць” для Андрэя Мялешкі
Пра праблемы з легалізацыяй у Грузіі вядома не першы год, але дэпартацыя з краіны стала для беларусаў непрыемным падарункам ад відавочна па-прарасійску настроеных грузінскіх улад. Пад такі замес трапіў беларускі журналіст і прадпрымальнік Андрэй Мялешка з непаўнагадовай дачкой.
Мужчына ў верасні вяртаўся з паездкі Польшчу, але прайсці памежны кантроль у аэрапорце Кутаісі не атрымалася — беларусам адмовілі ва ўездзе “з іншых прычын”. Пратрымаўшы 20 гадзін у аэрапорце, мужчыну і дзяўчынку пасадзілі на зваротны рэйс да Польшчы.
Цяпер Андрэй з дачкой жывуць у Беластоку, куды павінна прыехаць з Грузіі жонка журналіста з іншым дзіцем. Тым часам не да канца зразумелая забарона на ўезд для беларусаў усё яшчэ спарадычна працягвае працаваць.
Праблемы з законам Дзмітрыя Смактуновіча
Лічыцца, што з усіх замежных краін менавіта Польшча найбольш прыязна ставіцца да беларусаў, але вось Дзмітрыю Смактуновічу не пашанцавала.
У чэрвені беларус трапіў у складаную сітуацыю — яго літоўскі від на жыхарства быў ануляваны праз працу ў папраўчай калоніі амаль 20 гадоў таму, а ў Польшчы на яго раней заводзілі справу за перавозку мігрантаў.
У выніку разбіральніцтва польскія сілавікі вырашылі дэпартаваць Дзмітрыя ў Беларусь, дзеля чаго вывезлі на памежны пераход у Тэрэспалі. Там мужчына застаўся на мосце праз раку Буг, не маючы магчымасці вярнуцца ў Польшчу і не жадаючы ўехаць у Беларусь, дзе яго чакалі сілавікі.
Разыгралася нежартоўная драма, але ў выніку Смактуновіч здаўся і вярнуўся на радзіму. У Польшчы засталася яго жонка, якая чакае ВНЖ.
Як піша выданне Most, якое першае расказала гісторыю Смактуновіча, пасля вяртання ў Беларусь мужчына адседзеў трое сутак за каментар пад відэа 2021 года і цяпер працуе маршрутчыкам на напрамку Бабруйск-Мінск.
І ўсё яшчэ плануе вярнуцца ў Польшчу — мужчына падаў апеляцыю на дэпартацыю ў амбасаду Польшчы ў Беларусі і чакае на яе адказу.
Злая карма Аляксандра Маціевіча
Парушаючы законы, беларускія сілавікі адчуваюць сябе беспакарана, забываючы, што іх бяспечны статус распаўсюджваецца толькі на тэрыторыю так званай “Саюзнай дзяржавы”.
Пра гэтую акалічнасць цалкам забыў экс-маёр міліцыі Аляксандр Маціевіч з Ліды, пра якога напісала арганізацыя “Белпол”. Мужчына актыўна ладзіў рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе і нават праходзіў па справе як пацярпелы.
У 2022 годзе ён звольніўся з міліцыі і пераехаў жыць і працаваць у Літву як устаноўшчык аконных шыбаў, а новага працадаўца запэўніў, што не займаўся рэпрэсіямі на старой працы.
Хлусня не дапамагла — на мужчыну звярнула ўвагу беларуская дыяспара Літвы, а справу яго “Белпол” перадаў дзяржорганам Літвы.
Не чакаючы рашэння аб дэпартацыі, экс-сілавік з жонкай вярнуліся ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.