Як у Беларусі закрылі медыя праз скандал з ісламам. І пры чым тут выбары?

Рэлігія можа быць зброяй у палітычных гульнях / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Рэлігія можа быць зброяй у палітычных гульнях / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У свеце разгарэўся скандал праз спальванне Карана ў Стакгольме і Капенгагене. Гэта зрабіў лідар дацкай ультраправай партыі “Жорсткі курс” Расмус Палудан. Праз інцыдэнты быў замарожаны працэс уступу Швецыі ў NАТO, бо абразілася Турцыя.

Палудан заявіў, што плануе праводзіць акцыі пратэсту ля амбасады Турцыі ў Капенгагене кожную пятніцу, пакуль Турцыя не прыме заяўку Швецыі ў NATO.

Пакуль працягваюцца спрэчкі і спробы спальваць Каран, Еўрарадыё ўзгадвае, як у Беларусі таксама адбыўся скандал, звязаны з ісламам.

Пачалося ўсё ў канцы 2005 года з публікацыі ў дацкай газеце Jyllands-Posten. Яна надрукавала тэкст пра свабоду слова, а ў якасці ілюстрацый абрала 12 карыкатур на цэнтральную фігуру іслама прарока Мухамеда. Гэта выклікала пратэсты мусульманаў, некаторыя мусульманскія краіны нават зачынілі свае амбасады ў Даніі. Аўтары карыкатур атрымлівалі пагрозы. Але многія журналісты з Еўропы падтрымалі калег і перадрукавалі карыкатуры. Тады прайшлі звальненні галоўных рэдактароў, а выданні былі аштрафаваныя.
 

Масавае пакаранне сёння тады было прэцэдэнтам

Пра скандал напісала прыватная беларуская газета “Згода”, якую ў той час узначальваў Аляксей Кароль. Выпускаючым рэдактарам быў Аляксандр Здвіжкоў.

Як у Беларусі закрылі медыя праз скандал з ісламам. І пры чым тут выбары?
Аляксандр Здвіжкоў. Яго пакаралі трыма гадамі за карыкатуры / svaboda.org

Мы не друкавалі карыкатуры самі па сабе, — кажа галоўны рэдактор “Новага часа” Аксана Колб, якая тады працавала ў “Згодзе”. — Гэта быў аналітычны артыкул, у якім мы расказвалі, што адбылося ў Даніі. І як ілюстрацыя да матэрыялу былі выкарыстаныя дзве карыкатуры без подпісаў. То бок нічога абразлівага, нечага накшталт сённяшняга спальвання Карана, там не было.

У ісламе наогул забаронена выкарыстоўваць выявы людзей і няма нейкай кананічнай выявы прарока Мухамеда, таму карыкатуры без подпісаў нічога абразлівага ўяўляць не маглі.

Наклад з карыкатурамі не паспеў выйсці, а ўжо нібыта абразілася татарская абшчына ў Беларусі. Выпуск так і не пабачыў свет — ён быў канфіскаваны КДБ.

КДБ была заведзеная ледзь не адзіная ў той час справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса [Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці. — Еўрарадыё]. Нашаму выпускаючаму рэдактару прысудзілі тры гады па частцы другой артыкула 130. Тое, што цяпер массава ідзе, тады было прэцэдэнтам.

Гэта было самае суровае пакаранне ў Еўропе па інцыдэнце з карыкатурамі.
 

Пры чым тут выбары ў Беларусі?

Як у Беларусі закрылі медыя праз скандал з ісламам. І пры чым тут выбары?
Стэнд з інфармацыяй пра кандыдатаў у прэзідэнты / ТАСС

Распальванне варожасці было ні пры чым, лічыць Аксана Колб.

Наш шэф [Кароль. — Еўрарадыё] у той момант быў даверанай асобай Казуліна [кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года. — Еўрарадыё]. Як раз былі выбары. І думаю, што яны [улады. — Еўрарадыё] чакалі якой-небудзь нагоды і скарысталіся менавіты гэтым, скарысталі татарскую абшчыну.

На судзе быў муфцій. У яго пыталіся, як вы даведаліся, хто абражаў вашыя пачуцці? Ён сказаў, “а мы не ведалі гэтага, нам гэта паказалі і сказалі напісаць такую заяву”.

Як у Беларусі закрылі медыя праз скандал з ісламам. І пры чым тут выбары?
Разгон намётавага гарадка ў 2006 годзе. Тады выбары не прайшлі спакойна / AP

Здзвіжкоў пасля вызвалення з’ехаў, а рэдакцыя працягнула працу, але ўжо ў “Новым часе”. “Згода” была закрытая праз скаргі Мінінформа.
 

“Калі прыбіраць усё вострае, то лепш не працаваць”

Ужо будучы рэдактарам Аксана Колб кажа, што ўсё адно друкавала б гісторыю.

Канешне б давалі. Ці была б ілюстрацыя ў выглядзе менавіта карыкатуры? Не ведаю. У кожны час свае выклікі. Я толькі ведаю, што ў 2020, у 2021 годзе мы сабе не здраджвалі. Мы не імкнуліся быць больш ціхімі, каб нас не закрылі. І я лічу, што гэта было правільна. Бо калі прыбіраць усё больш-менш вострае, то лепш наогул не працаваць.

Што тычыцца ўвогуле карыкатур ці спальвання Карана, Колб лічыць, што непрымальна тое, што дыструктыўна.

Пытанне ў тым, што людзі спрабуюць данесці. Калі мы глядзім на французскія выданні, мы бачым, што гэта сапраўды карыкатура, тонкая сатыра, якая паказвае розныя бакі палітычнага жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі