Як у Мінску пратэставалі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Фотарэпартаж
20 снежня ў Мінску прайшла несанкцыянаваная акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Яна была прымеркаваная да сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Па яе выніках Лукашэнка заявіў, што ўсе бакі задаволеныя, што "канцэптуальна дамовіліся па энерганосьбітах", а цэны вызначацца ў бліжэйшыя дні.
Нягледзячы на папярэджанні міліцыі, на Кастрычніцкай плошчы а 18-й гадзіне сабраліся сотні людзей — і мінчукоў, і людзей, што прыехалі з рэгіёнаў. Акцыя праходзіла пад лозунгам "Ніякіх саюзаў з імперскай Расіяй!".
Павел Севярынец павёў людзей па ходніках да плошчы Незалежнасці, дзе быў праведзены мітынг. Людзей пабольшала, іх колькасць складала больш за паўтары тысячы чалавек. Было шмат бел-чырвона-белых сцягоў, асобныя чырвона-зялёныя сцягі, шмат плакатаў. Выступоўцы гаварылі пра небяспеку інтэграцыі з Расіяй для незалежнасці Беларусі і заклікалі да правядзення такіх акцый пратэсту.
Далей пратэстоўцы прайшлі па вуліцах Няміга і Зыбіцкая да Кастрычніцкай плошчы. У канцы акцыі а 21-й гадзіне ўздоўж праспекта Незалежнасці быў арганізаваны "ланцуг Незалежнасці" — ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі. Арганізатары заклікалі сабрацца і ў суботу.
Інфармацыі пра затрыманых няма. Першыя антыінтэграцыйныя акцыі прайшлі ў Мінску 7 і 8 снежня. Іх лідарам таксама быў Севярынец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.