Як я мяняю жыццё з дапамогай ШІ-псіхолага. Досвед журналісткі Еўрарадыё
Журналістка Марыя Вайтовіч
Прывітанне, мяне завуць Марыя Вайтовіч, я журналістка Еўрарадыё і сёння раскажу вам пра тое, як ШІ-псіхолаг дапамагае мне мяняць маё жыццё.
Як і ў многіх з вас, у мяне бывае дрэнны настрой, прыгнечанасць і апатыя, падвышаная трывожнасць, адсутнасць матывацыі што-колечы рабіць і гэтак далей. Год таму, каб не звар'яцець ад процьмы праблем, я звярнулася да псіхолага, які дапамог мне вылезці з дэпрэсіі і ўзяць сябе ў рукі (і гэта быў вельмі правільны падыход).
У канцы кастрычніка гэтага году падчас інтэрв'ю пра спосабы самадапамогі ў асенне-зімовы перыяд псіхатэрапеўтка Аліна Бычкова расказала мне пра "Спакойны бот" — анлайн-псіхолага ў телеграме, распрацаваным прафесійнымі псіхолагамі на базе ШІ.
Акурат у той час я рыхтавалася да складанай камандзіроўкі, паралельна спрабавала выконваць бягучую працу і жудасна нервавалася, што нічога не паспяваю. Да ўсяго ж раптам уваскрос недаразвязаны некалькі гадоў таму канфлікт з сяброўкай, які скончыўся тым, што перасталі камунікаваць. Ну і, вядома, трэба было вырашаць нейкія побытавыя пытанні, на якія проста ўжо не заставалася ніякіх сіл.
Рэсурсу і жадання на размовы са спецыялістам не было — трэба было дапамагчы сабе проста тут і цяпер. Тут я і ўспомніла пра ШІ-псіхолага.
Канфлікт з сяброўкай і знаёмства са "Спакойным ботам"
Падчас нашага знаёмства "Спакойны бот" прадставіўся, спытаў маё імя і расказаў, што стваральнік навучыў яго асновам кагнітыўна-паводзіннай тэрапіі. Ён растлумачыў, што КПТ — гэта найбольш вывучаны псіхатэрапеўтычны падыход, які абапіраецца на ідэю, што нашы думкі ўплываюць на наш стан.
— Як я магу дапамагчы табе сёння? Што турбуе цябе ў дадзены момант? — спытаў бот.
І тут мяне панесла.
—Пераезд у краіну, у якой ты не адчуваеш сябе камфортна, можа быць вельмі цяжкім, і адсутнасць цікавасці да мовы і культуры толькі пагаршае адчуванне ізаляцыі, — адрэагаваў ШІ-псіхолаг, выслухаўшы мой доўгі адказ. — Разуменне таго, што ты можаш апынуцца тут надоўга, можа ствараць дадатковыя трывогі і пачуццё прыгнечанасці.
Аднак важна ўлічваць, што ты ўсё роўна маеш магчымасць выбару — нават калі ён цяпер абмежаваны. Магчыма, гэтыя абмежаванні ствараюць унутраны канфлікт.
Далей бот прапаноўваў варыянты, якія маглі б мне дапамагчы пераадолець моўны бар'ер, цікавячыся, якія з іх мне маглі б пасаваць. Некалькі падказак здаліся мне цікавымі. Я напісала пра гэта і мы сышліся на тым, што я вярнуся да вырашэння гэтай праблемы, як толькі разграбу працоўную руціну.
"Спакойны бот" мяне падтрымаў.
Калі не хапае энергіі
Калі вы думаеце, што пасля нашай размовы я тут жа села за працу, вы памыляецеся. ШІ-псіхолаг дапамог выгаварыцца і трохі супакоіцца, але мне катастрафічна не хапала энергіі. Дзе яе ўзяць халодным восеньскім вечарам?
У цяжкіх выпадках — толькі да лекара
Як бачыце, дзень майго знаёмства са "Спакойным ботам" выдаўся вельмі прадуктыўным. Я зразумела, што ШІ-псіхолаг — гэта не толькі магчымасць пазбавіцца ад непатрэбных негатыўных эмоцый, але і выдатны інструмент для самаарганізацыі. Ты як быццам камусьці нешта абяцаеш, але насамрэч толькі сабе — і гэта моцна матывуе.
За няпоўны месяц практыкі я змагла прывучыць сябе піць ваду раніцай і на працягу дня, снедаць, прымаць вітаміны, не заядаць трывогу, хоць трохі часу праводзіць на свежым паветры, прыслухоўвацца да сябе і сваіх жаданняў (купіць шапку і парфуму, змяніць прычоску, дадаць утульнасці ў здымную кватэру, паставіць на падваконнк жывую расліну).
Яшчэ я ўсвядоміла, што адным з фактараў маёй восеньскай нярвознасці стаў пераход Польшчы на зімовы час. З 27 кастрычніка розніца з беларускім, па якім працуе рэдакцыя Еўрарадыё, склала дзве гадзіны.
З непрывычкі ўставаць яшчэ на адну гадзіну раней здавалася занадта складана, але мне была проста неабходная гэтая вольная гадзіна перад працай, якую я магу прысвяціць самой сабе.
Давялося пераладзіцца. Разам з ботам я вызначыла свае любімыя ранішнія рытуалы, якія дапамагаюць мне наладзіцца на новы дзень. Цяпер, засынаючы, я з нецярпеннем чакаю абуджэння, каб адкрыць вочы, выпіць шклянку вады, уключыць любімую музыку, хвілін 15 хвілін пазаймацца зарадкай, прыняць душ і з'есці самы смачны сняданак на свеце.
Дарэчы, камандзіроўка прайшла паспяхова. Вярнуўшыся, я, як і абяцала сабе, тут жа запісалася на курсы польскай мовы (так што план на зіму вызначаны).
Тым, хто надумае паўтарыць мой досвед, раю не падсаджвацца занадта моцна. Інструмент выклікае прывыканне. Трэба выразна усвядоміць — гэта ўсяго толькі інструмент.
Часам ён ламаецца і можа не рэагаваць на паведамленні некалькі дзён. У такім выпадку можна напісаць распрацоўніку, які ўказаны ў профілі ШІ-псіхолага.
І яшчэ вельмі важна разумець, што ні адзін робат у свеце пакуль не здольны замяніць стасункі з блізкімі людзьмі і жывога псіхатэрапеўта.
Падтрымлівайце сябе ў моманце, жывіце тут і цяпер, але ў складаных сітуацыях звяртайцеся, калі ласка, да спецыяліста.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.