Японскія чыноўнікі спрабуюць рассмяшыць людзей — навошта ім гэта?
Смех
У адной японскай прэфектуры вырашылі заканадаўча заахвочваць жыхароў смяяцца, піша мясцовае выданне Asahi. І дадае — гэта не жарт.
Прынятая пастанова заклікае жыхароў прэфектуры "старацца ўмацоўваць фізічнае і псіхалагічнае здароўе з дапамогай смеху, напрыклад, смеючыся не радзей за адзін раз на дзень".
А ўладальнікаў бізнесу заклікаюць "ствараць на працоўным месцы атмасферу, напоўненую смехам". А восьмы дзень кожнага месяца абвясцілі "днём, калі жыхары прэфектуры могуць умацоўваць здароўе з дапамогай смеху".
Пастанову прынялі не проста так, а пасля вывучэння даследавання медыцынскага факультэта Універсітэта Ямагата. Яно паказала, што людзі, якія часта смяюцца, маюць больш нізкую рызыку ранняй смерці.
Знайшліся і праціўнікі пастановы. Яны кажуць, што смяяцца ці не смяяцца — адно з асноўных правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй. Гэта значыць, калі Канстытуцыя гарантуе свабоду думкі і веравызнання, то і права смяяцца па ўласным рашэнні таксама пакідае за чалавекам.
Але прыхільнікі пастановы кажуць, што новы дакумент не прымушае, а заахвочвае чалавека смяяцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.