Яшчэ адна міжнародная федэрацыя дапусціла беларусаў і расіян да адбору на АГ
Беларусам і расіянам дазволілі паўдзельнічаць толькі ў некалькіх спаборніцтвах
Міжнародная федэрацыя паруснага спорту дапусціла беларусаў і расіян да адбору на Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы ў нейтральным статусе. Гэтае рашэнне Савета арганізацыі ўключае ў сябе кваліфікацыйную рэгату "Апошні шанец", якая пройдзе ў красавіку, алімпійскую рэгату ў Марсэлі, а для спартсменаў, якія прайшлі адбор, спаборніцтвы алімпійскага класа паміж згаданымі рэгатамі. Працэс падачы заявы на атрыманне статусу нейтральнага спартсмена аб'явяць пазней.
Пры гэтым Міжнародная федэрацыя паруснага спорту па-ранейшаму рэкамендуе не дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў спаборніцтвах, акрамя згаданых.
World Sailing у сакавіку 2022 года забараніла беларускім і расійскім спартсменам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах на нявызначаны тэрмін з-за агрэсіі супраць Украіны. Вясной мінулага года забарона была працягнута.
У канцы 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў беларусаў і расіян да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы (акрамя камандных спаборніцтваў), але з пэўнымі ўмовамі. Міжнародныя спартыўныя федэрацыі самастойна прымаюць рашэнні, і не ўсе падтрымліваюць рашэнне МАК.
Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.