Юрыстка: Анжаліка і Андрэй Мельнікавы могуць быць у разводзе. А могуць і не быць

Анжаліка і Андрэй Мельнікавы з дзецьмі / Анжелика Мельникова, страница политика в Facebook
У СМІ з’явілася выпіска з польскага рэестра юрыдычных асоб, у якой пазначана, што зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава і ейны былы муж Андрэй Мельнікаў маюць “сумесную маёмасць суджэнцаў”. Пра гэта напісала выданне Reform.news.
Але гэты факт зусім не сведчыць, што Мельнікавы не былі ў разводзе. Пра гэта Еўрарадыё расказала юрыстка Ганна Маціеўская.
— Ці сведчыць [выпіска з польскага рэестра юрасоб], што Андрэй і Анжаліка Мельнікавы не ў разводзе? Не зусім так. Таму што ў рэестр ІП уносяць на падставе заяўляльнага прынцыпу. <...> Мельнікаў унёс тыя дадзеныя, якія хацеў. Ці хлусіў ён, ці не — гэта немагчыма спраўдзіць.
З майго досведу магу сказаць, што беларусы вельмі часта кажуць, што яны ў разводзе, калі яны фактычна не ў разводзе. Яны для сябе вырашылі, што яны не муж і жонка, альбо знаходзяцца ў нейкай сепарацыі, але юрыдычна яны яшчэ сям’я. Гэта патэнцыйна можа быць такога кшталту сітуацыя. Але развесціся можна і ў Беларусі, і ў Польшчы, калі абодва суджэнцы тут жывуць.
<...> Гэтая выснова сведчыць, што Мельнікаў не хлусіў, калі гэта пісаў. Магчыма ён не падаваў новую інфармацыю пра ўласныя стасункі з Анжалікай – гэта орган не верыфікаваў. <...> Гэта выключна заява Мельнікава, каб не было ўражання, што публічны рэестр сапраўды спраўдзіў іх юрыдычны стан сямейных стасункаў. <...> Таму гэта можа быць фактам, але толькі ў тым выпадку, калі Мельнікаў быў шчыры і не хлусіў. Але спраўдзіць мы гэта не можам, бо ніхто не бачыў дакументы аб разводзе. Гэта не можа быць 100% фактам, які даказвае стан іхных стасункаў.
<...>Таксама Мельнікаў мог гэта ўпісаць у рэестр, але потым не рабіць апдэйтаў інфармацыі.
<...> Бо можа быць так, што Мельнікаў уводзіў гэтыя дадзеныя ў сістэму, што яны сапраўды яшчэ былі не разведзеныя. Яны развяліся пазней, але ён іх не абнавіў у рэестры.
Апошнія змены ў польскі рэестр юрасоб Андрэй Мельнікаў уносіў у красавіку 2024 года.
— Дадзеныя аб сумеснай уласнасці былі дададзеныя ім не ад пачатку, а 26 чэрвеня 2023 года. Магчыма, гэта было зроблена для дадатковых падстаў пры атрыманні падатковых льгот — напрыклад, калі б падатковая праводзіла праверку. Сумесны разлік даходаў бывае выгадным, калі адзін з партнёраў зарабляе значна менш. Цяжка сказаць, ці карыстаўся Мельнікаў такім парадкам, бо публічна гэта не пацвярджаецца. Таксама гэта магло быць зроблена для павышэння даверу з боку контрагентаў. Але гэта менш тыпова для сферы паслуг айцішніка, які працуе як ІП для кампаніі, — падкрэслівае юрыстка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.