Юрый Чыж судзіцца з сынам за права ўласнасці
Юрый Чыж / "Народная воля"
Бізнесмен Юрый Чыж падаў судовы іск да свайго сына Уладзіміра. Пасяджэнне запланаванае на 18 ліпеня ў Эканамічным судзе Мінска. Але будзе і яшчэ адзін суд. Іск супраць самога Чыжа падала кампанія Уладзіміра "Белсіціойл". На гэта звярнуў увагу рэсурс "Зеркало". У першым выпадку гаворка ідзе аб "прызнанні права ўласнасці". У другім — ісцец просіць прызнаць здзелку несапраўднай. Іншых падрабязнасцяў пакуль няма. Раней у траўні Юрый Чыж расказваў, што ў яго з сям'ёй узніклі разыходжанні па пытаннях вядзення і валодання бізнесу.
"Сям'я скарысталася сітуацыяй, прыйшла да кіравання асноўнай часткай кампаній і сёння катэгарычна не бачыць майго ўдзелу ў справах", — казаў бізнесмен у інтэрв'ю "Народнай волі". Са слоў Чыжа, у яго засталіся крамы "Прастор", шэраг сацыяльных праектаў. У сваякоў, якія валодаюць асноўнымі актывамі, "не стаіць задача развіваць бізнес, усё ідзе да таго, каб распрадаць актывы", казаў тады Чыж. Паводле яго слоў, "некалькі кампаній рыхтуюць да банкруцтва, а фармацэўтычны бізнес прадаюць. Распрадаюць і іншыя актывы, у тым ліку і сацыяльнага прызначэння".
Чыж тады таксама расказаў, што афармляў свой бізнес на дзяцей, калі ўпершыню трапіў пад санкцыі Еўразвязу, але фактычным уласнікам заўсёды заставаўся сам. Зараз сітуацыя змянілася. Ён збіраўся ў суд, казаў, што рыхтуе іскі, але "праваахоўныя органы па маіх заявах зацягваюць праверкі, і ў мяне няма магчымасці знаёміцца з матэрыяламі праверак".
Чыжа называлі "кашальком Лукашэнкі". Але ў сакавіку 2021-га, калі ён вярнуўся з Расіі, бізнесмена затрымалі. Паўтара года правёў у зняволенні. У лютым 2023 года яго прызналі вінаватым у махлярстве і легалізацыі злачынных даходаў. Бізнесмена асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі. Аднак ад калоніі Чыжа вызвалілі: ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакарання тое, што ён ужо адседзеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.