З “Троіцай” і Цэслерам: другі беларускі фільм прэтэндуе на “Оскар”
Паўнаметражны дакументальны фільм “Дарога” расійскага рэжысёра Дзмітрыя Калашнікава, які спрадзюсавала беларуская кампанія дырэктаркі кінафестывалю “Паўночнае ззянне” Волі Чайкоўскай “VoliaFilms”, прэтэндуе на “Оскар”. Фінальны спіс стужак, якія прайшлі класіфікацыю ў катэгорыі “Лепшы паўнаметражны дакументальны фільм”, надоечы быў агучаны Амерыканскай кінаакадэміяй.
“Натуральна, мы спадзяваліся, што патрапім у спіс, збіралі дакументы для падачы. Нашы амерыканскія дыстрыб’ютары Oscilloscope зрабілі вялікую працу, каб дапамагчы нам усё сабраць”, — кажа Воля Чайкоўская
Стужка “Дарога” з’яўляецца капрадукцыяй шасці краін — Беларусі, Расіі, Сербіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны і ЗША. Але, падкрэслівае Чайкоўская, галоўнай краінай прадукцыі з’яўляецца менавіта Беларусь. Цікава, што постар для стужкі намаляваў сам Уладзімір Цэслер, у фільме гучыць музыка этна-трыа “Троіца” і брытанскага калектыву Red Snapper, з якім Воля пазнаёмілася на фестывалі “Мірум” і папрасіла дазволу на выкарыстанне музыкі ў карціне.
Фільм “Дарога” створаны з запісаў відэарэгістратараў, зробленых па ўсёй Расіі, і адлюстроўвае жыццё як непрадузяты назіральнік.
Сусветная прэм’ера стужкі адбылася ў 2016 годзе ў Амстэрдаме на фестывалі дакументальнага кіно IDFA, які лічыцца Канамі дакументальнага кіно. У Беларусі фільм быў паказаны сёлета падчас фестывалю “Паўночнае ззянне”. За два гады стужка аб’ездзіла больш за 80 кінафестываляў, у студзені 2018 года выйшла ў амерыканскі пракат у 35 гарадах пры падтрымцы аднаго з найбуйнейшых амерыканскіх дыстрыб’ютараў Oscilloscope. Апроч усяго, фільм атрымаў рэцэнзіі ў такіх выданнях, які The New Yorker, Hollywood Reporter, VOX magazine, Esquire, Variety.
У снежні стане вядома, ці патрапіць “Дарога”, як і стужка “Крышталь” Дар’і Жук, якая прайшла класіфікацыю ў катэгорыі “Лепшы фільм на замежнай мове”, у long-ліст “Оскара”. Так што, цяпер можам балець адразу за дзве беларускія стужкі.