За чатыры дні з выбарчых участкаў выдалілі 11 незалежных назіральнікаў
За чатыры дні датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі з выбарчых участкаў было выдалена 11 незалежных назіральнікаў кампаніі “Права выбару-2015”. У большасці выпадкаў прычынамі для выдалення з участкаў сталі спробы назіральнікаў нешта сфатаграфаваць, размовы з выбаршчыкамі, арганізацыя анлайн трансляцыі з участка, а таксама за скаргі адносна неналежнага захавання скрыні для датэрміновага галасавання.
У большасці выпадкаў назіральнікі абскардзілі сваё выдаленне.
Тым часам ёсць і станоўчы прыклад, калі назіральнікаў дапускалі да працы пасля скаргі ў раённую камісію. Такі выпадак адбыўся ў Бабруйску. Назіральнікаў не хацелі акрэдытоўваць з прычыны таго, што на выпісках пратаколаў арганізацый, ад якіх яны вылучаліся, не стаялі пячаткі. Пасля скаргі ў раённую камісію іх дапусцілі да працы, а старшыні ўчастковай камісіі зрабілі заўвагу.
Фота: Еўрарадыё