За падрыў міліцэйскага аўто мінчуку прысудзілі 15 гадоў

Максім Селязнёў / t.me/viasna96
Максім Селязнёў / t.me/viasna96

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска за падрыў міліцэйскай машыны асудзілі Максіма Селязнёва, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Яго прызналі вінаватым у здзяйсненні "акта тэрарызму ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку".

Суддзя Дзмітрый Карсюк прызначыў Селязнёву 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 7400 рублёў (200 базавых велічыняў).

Па гэтай жа справе тры месяцы арышту атрымаў Дзмітрый Марцінкевіч. Яго прызналі вінаватым у "неданясенні аб злачынстве".

Выбух міліцэйскай машыны адбыўся ў ноч з 7 на 8 студзеня 2022 года каля будынка Цэнтральнага РУУС Мінска. Пазней Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне 45-гадовага мінчука, які нібыта меў дачыненне да падрыву аўто. Таксама Селязнёва вінавацілі ў падрыве шапікаў "Табакерка" ў Мінску і спортблока на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС сталіцы.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі