"За паразы трэнер саджаў у клетку на тыдзень ці два"
Дзесяць бежанцаў з Сірыі, Паўднёвага Судана, Конга і Эфіопіі выйшлі 5 жніўня пад сцягам з пяццю кольцамі на стадыён у Рыа-дэ-Жанэйра. Першая каманда бежанцаў у гісторыі Алімпійскіх гульняў прадстаўленая ў трох дысцыплінах: дзюдо, лёгкая атлетыка і плаванне. На цырымоніі адкрыцця Гульняў яны прайшлі пад гімн Алімпіяды.
ВВС апублікавала некаторыя з іх гісторый.
Паполе Місэнга — 24-гадовы дзюдаіст з Конга. Яго маці загінула падчас канфлікту, а брат знік без вестак. Калі хлопцу было сем гадоў, ён спрабаваў уцячы ад вайны ў сваёй краіне праз джунглі.
Калі юнак прыехаў на чэмпіянат свету па дзюдо, які праходзіў Бразіліі ў 2013 годзе, трэнер пакінуў яго і яшчэ траіх спартоўцаў у гасцініцы без ежы і грошай на чатыры дні. Тады яны ўцяклі і сталі шукаць прытулак. Місэнга двойчы станавіўся чэмпіёнам Афрыкі. Ён кажа, што менавіта дзякуючы дзюдо стаў спакойным і сканцэнтраваным.У Паполе ёсць аднагадовы сын. Ён да гэтага часу спадзяецца знайсці сваіх родных, якія, магчыма, убачылі яго выступ па тэлевізары. "Я хачу перамагчы на Алімпіядзе, каб зноў злучыцца са сваёй сям'ёй", — распавёў хлопец.
На Алімпійскіх гульнях у Рыа ён спаборнічаў у вагавой катэгорыі да 90 кг. Медаль Алімпіяды Паполе планаваў прысвяціць ўсім уцекачам, але прайсці далей за другі бой не здолеў.
Ёландэ Мабіка разам з Паполе стала бежанкай у Бразіліі ў 2013 годзе і да гэтага часу жыве ў фавэлах. 18 гадоў таму, калі дзяўчынцы было 10 гадоў, яна збегла ад канфлікту ў Конга і больш ніколі не бачыла сваю сям'ю.
Усё сваё жыццё Ёланда прысвяціла спорту. Яна навучылася прыёмам дзюдо ў лагеры для бежанцаў. У Конга дзяўчына ўдзельнічала ў нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах. Калі яна выступала дрэнна, трэнер часам саджаў яе ў клетку на тыдзень ці два.
Яна кажа, што перажыла шмат пакут у Конга, але здавацца не збіраецца. "Я хачу данесці да бежанцаў ва ўсім свеце: нельга губляць надзею, трэба працягваць верыць... Гэта тычыцца ўсіх бежанцаў, якія пакутуюць ад таго, што страцілі сем'і, ад войнаў і забойстваў".
У Рыа-2016 ужо ў першым баі яна была кінутая на іпон.
18-гадовая Юсра Мардыні найважнейшым у сваім жыцці лічыць плаванне. Яна займалася плаваннем разам з сястрой Сарай яшчэ ў Дамаску (Сірыя). Часам з-за бамбёжак плаваць яна не магла. У рэшце рэшт іх дом у Дамаску разбурылі, і дзяўчаты дабраліся да лагера бежанцаў у Ліване, а далей — да Еўропы ў надзеі на новае жыццё.
Выпрабаваннем для сясцёр стаў шлях праз Эгейскае мора. Менш за год таму, калі яны разам з 20 іншымі бежанцамі спрабавалі дабрацца з Турцыі ў Грэцыю, у лодкі зламаўся матор. Юсра, Сара і яшчэ двое бежанцаў скочылі ў ваду, каб дацягнуць лодку да сушы. Вада была халоднай, і ўсё жыццё Юсры праплыло ў яе перад вачыма, узгадвае дзяўчына. Аднак здацца для плыўчых было б ганьбай. Праз тры гадзіны яны прыцягнулі лодку з бежанцамі да берагоў Лесбаса. Пасля Юсра на працягу 25 дзён дабіралася да Германіі. Там асела ў лагеры для бежанцаў у Берліне. Дзяўчына ўгаварыла перакладчыка ў лагеры адправіць яе ў спартыўны клуб па плаванні. Убачыўшы тэхніку плавання Юсры і яе сястры, клуб узяўся трэніраваць дзяўчат.
"Я хачу натхняць кожнага і хачу дапамагчы бежанцам. Жыццё ідзе наперад, яно не спыняецца з-за твайго болю. Не, трэба рухацца далей, трэба ўсё прапрацаваць", — казала дзяўчына перад Алімпіядай.
Юсра выйграла заплыў на сто метраў батэрфляем, але ўсё ж не змагла адабрацца да фіналу. Як і ў ста метрах вольным стылем.
Пакуль што першыя Гульні для зборнай уцекачоў складваюцца не лепшым чынам. Змяніць сітуацыю могуць толькі лёгкаатлеты, якія выступяць на гэтым тыдні.
Фота: Getty Images