Захраслі ў дзевяностых: чаму прарыву ў беларускай мікраэлектроніцы не будзе

Па АНТ паказалі "беларускія распрацоўкі" ад Texas Instruments / скрыншот відэа​
Па АНТ паказалі "беларускія распрацоўкі" ад Texas Instruments / скрыншот відэа​

Ідэя Лукашэнкі вывесці беларускую мікраэлектроніку на новы ўзровень правальная, а $1,5 млрд расійскага крэдыту не хопіць нават на патрэбнае абсталяванне.

Пра гэта Еўрарадыё расказаў інжынер аднаго з беларускіх прадпрыемстваў. Таксама даведаліся ў спецыяліста, што не так з беларускай мікраэлектронікай і чаму словы Лукашэнкі пра беларускія мікрасхемы "трохі-трохі габарытнейшыя" выклікаюць усмешку.


"Патрэбныя спецыялісты з замежным досведам. Як іх прывабіць?"

— Мікрасхема — гэта як мозг у чалавека. Яна патрэбная для апрацоўкі і пераўтварэння сігналаў. У любым электронным прыборы, які мы выкарыстоўваем у побыце, на працы, ёсць мікрасхема. Ва ўсіх свае функцыі і памеры ў залежнасці ад сферы ўжывання, — расказвае інжынер Уладзімір (імя змененае).

Ні адна краіна ў свеце не гатовая да імпартазамяшчэння мікрасхем, тым больш без нармальных кантактаў з вонкавым светам, падкрэслівае суразмоўца.

Некаторыя цуды беларускага імпартазамяшчэння ператварыліся ў мемы / banana.by

Тым не менш у Лукашэнкі ёсць імпэт, а Расія паабяцала крэдыт у $1,5 млрд на праграмы імпартазамяшчэння. Бяда ў тым, што гэтых грошай не хопіць нават на закупку патрэбнага сучаснага абсталявання.

Застряли в девяностых: почему прорыва в белорусской микроэлектронике не будет
Беларускі электрагрузавік / БЕЛТА

Што ж мы тады наогул можам у мікраэлектроніцы? Уладзімір кажа, што гэтая сфера ў Беларусі завісла ў 90-х.

— У сучасных распрацоўках беларускіх інжынераў не плануецца ніводнага кампанента, які вырабляе "Інтэграл". Тэхнічна яны не могуць выконваць тыя функцыі, якія закладваюцца ў прылады. А так у нас былі добрыя перспектывы ў распрацоўцы электратранспарту, але, на жаль, цяпер усё гэта паступова згортваецца.

Праз санкцыі Беларусь ужо сутыкнулася з праблемамі. Адразу павялічыліся кошт і тэрміны пастаўкі камплектацыі ў Беларусь. 

— Ніхто наўпрост нічога не адгружае. Камплектавальнікі яшчэ можна праз Кітай прывезці, але гэта бывае па сем-восем тыдняў, а раней было дзве-тры. Падаражэнне на 30-40 адсоткаў. Прыватны сектар вывозіць свае вытворчасці. 

Праз праблемы з пастаўкамі лёгка могуць прастойваць цэхі прадпрыемстваў, як абаронных, так і тых, хто робіць халадзільнікі. Унутры Беларусі няма магчымасцяў усіх забяспечыць, падкрэслівае суразмоўца. Дапамагчы мог бы Кітай. Аднак незразумела, ці будзе ён рызыкаваць звязвацца з санкцыйнай краінай.

— Кітайскія фабрыкі залежаць у той ці іншай ступені ад амерыканскіх тэхналогій. І Кітай, які больш за дзесяць гадоў вядзе праграму татальнага імпартазамяшчэння з мэтай пазбавіцца амерыканскіх тэхналогій, усё яшчэ не здолеў гэта зрабіць. Калі ЗША скажуць кітайскім фабрыкам, што за супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй адключаць іх ад сваіх тэхналогій, то яны спыняцца. Не той аб'ём рынку ў нас, каб Кітай рызыкнуў пярэчыць ЗША, — заключае Уладзімір.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі