Замяніць Беларусь на калійным рынку могуць — і хочуць — усе. А як туды вярнуцца?

Ці зможа Беларусь вярнуцца на страчаныя рынкі?
Ці зможа Беларусь вярнуцца на страчаныя рынкі?

Такіх высокіх цэн на калій, як сёлета, не было ўжо дзесяць гадоў. А вырабляць калійныя ўгнаенні ўжо даўно не было так выгадна.

На наступны ж дзень пасля анансаванага чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі вытворца ўгнаенняў канадская кампанія Nutrien Ltd паабяцала нарасціць вытворчасць на паўмільёна тон. Каб свет не сутыкнуўся з дэфіцытам.

Яшчэ раней нямецкая кампанія South Harz Potash заяўляла, што можа ўзяць патрэбы Еўропы ў каліі на сябе.

Рэакцыя канкурэнтаў на санкцыі ідзе крыху ўразрэз з заявамі Беларускай калійнай кампаніі: маўляў, адмовіўшыся ад беларускіх угнаенняў, калектыўны Захад давядзе свет да падаражэння прадуктаў. Свет перажыве. А раз так, ці зможа Беларусь вярнуцца на рынак?

 

Сусветны лідар стане яшчэ большым лідарам

Сёлета цэны на ўгнаенні выраслі ўслед за ростам цэн на прадукты харчавання, піша Bloomberg.

Заменить Беларусь на калийном рынке могут — и хотят — все. А как туда вернуться?
Цэны на прадукты выраслі, і фермеры змаглі больш траціць на ўгнаенні / pixabay

Прадукты даражэюць, і раз фермеры могуць выручыць больш грошай, яны і на ўгнаенні могуць выдаткаваць больш. У выніку, па некаторых звестках, цэны на калій дасягнулі максімальнай адзнакі з 2012 года.

Беларускі калій забяспечваў пятую частку сусветнага экспарту. Але калі б кампанію проста "выгналі" з рынку, усё магло б скласціся так, як і прадказвалі ў прэс-службе БКК у гутарцы з "Інтэрфакс". Востры дэфіцыт калію пацягнуў бы за сабой рост цэн на ўгнаенні. Следам — яшчэ больш высокія цэны на прадукты харчавання.

Але канкурэнты сарыентаваліся хутка.

Пра тое, што "Беларуськалій" трапіў у санкцыйны пакет, стала вядома ў панядзелак, а раніцай аўторка акцыі канадскай Nutrien выраслі на 2,6%. І ў той жа дзень ужо другі раз за месяц кампанія паабяцала нарасціць аб'ёмы вытворчасці на паўмільёна тон. Там растлумачылі: якраз для таго, каб прадухіліць занадта хуткі рост цэн.

Заменить Беларусь на калийном рынке могут — и хотят — все. А как туда вернуться?
Прэс-служба БКК: "Сёлета ўсе вытворцы працуюць на поўных магутнасцях і ўсё роўна не могуць забяспечыць наяўны ў свеце попыт на калій" / pixabay

У першы раз такое абяцанне канадцы далі пасля таго, як амерыканская кампанія-канкурэнт Mosaic Co вымушана была скараціць здабычу. І вось праз два тыдні яны далі новае абяцанне, яшчэ больш шчодрае.

"Маючы ўстойлівы рост на глабальных рынках сельскагаспадарчай прадукцыі і сродкаў вытворчасці, мы падвышаем прагноз і павялічваем вытворчасць калійных угнаенняў агулам на 1 мільён тон, каб гарантаваць, што фермеры атрымаюць неабходны ім калій",цытуе генеральнага дырэктара Nutrien Мэя Шміта Bloomberg.

Вырабіць гэты дадатковы танаж плануюць не адразу, а бліжэй да чацвёртага квартала года.

Карацей, сусветнага голаду не будзе. Прынамсі, не праз санкцыі ў дачыненні да Беларусі. А канкурэнты заробяць. І гаворка не толькі пра канадцаў.
 

Немцы бяруць Еўропу на сябе. Або гэта зробяць рускія

Цяпер Беларусь пакрывае чвэрць патрэб Еўропы ў хлорыстым каліі.

Яшчэ за некалькі тыдняў да анансаваных санкцый нямецкая South Harz Potash ужо заяўляла пра планы нарасціць аб'ёмы вытворчасці. Так, каб Еўропа магла самастойна забяспечваць свае ўнутраныя патрэбы.

Заменить Беларусь на калийном рынке могут — и хотят — все. А как туда вернуться?
Канадскі вытворца хутка заявіў, што гатовы нарасціць вытворчасць — але да апошняга квартала года / pizabay

Германія займае пятае месца ў свеце па аб'ёме вытворчасці калійных угнаенняў. Кампанія South Harz Potash валодае трыма бестэрміновымі ліцэнзіямі на здабычу і дзвюма — на разведку карысных выкапняў у калійным раёне ў цэнтральнай Германіі. Запасы вялікія, і планы на Еўропу зразумелыя.

А яшчэ Еўропу можа забяспечыць Расія. Аналітык інвестбанка ВТБ Капітал Алена Сахнова раней прадказвала, што санкцыі ў дачыненні да "Беларуськалія" могуць выклікаць кароткатэрміновае павышэнне цэн у Еўропе. А потым "такія вытворцы, як расійскі ПАТ "Уралкалій", могуць замяніць беларускія аб'ёмы".
 

"Зніжай цану і прадавай"

Такім чынам, свет без беларускага калію не прападзе. Але што рабіць беларускім калійнікам у ідэальным свеце будучыні, дзе ў Беларусі больш не парушаюць правы чалавека, кіраўнік дзяржавы змяняецца кожныя два тэрміны, а еўрапейскі і амерыканскі рынкі страчаныя?

— Нас яшчэ не прагналі з рынку, пакуль гэта толькі пагроза. Але калі сектаральныя санкцыі ўвядуць, трэба разумець, што святое месца пустым не бывае, — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. — Ахвотных заключыць кантракты з Кітаем, Індыяй, Бразіліяй дастаткова.

Заменить Беларусь на калийном рынке могут — и хотят — все. А как туда вернуться?
Яраслаў Раманчук у студыі Еўрарадыё

У выпадку санкцый нам трэба будзе даведацца, ці будуць рэалізаваныя шэрыя схемы пастаўкі беларускага калію, кажа эканаміст.

— Можа з'явіцца афшорная кампанія, можа нешта прапанаваць Кітай. Пытанне толькі ў аб'ёме страт. Калі Іран быў пад санкцыямі, ён знаходзіў магчымасць гандляваць з танкераў. І тут што-небудзь прыдумаюць. Так, адпускная цана будзе нізкая, але дзеля валютнай выручкі могуць пайсці і на гэта.

Эканаміст Уладзімір Кавалкін мяркуе, што вярнуцца ў гульню будзе нескладана — праз дэмпінг.

— Калі мы гаворым пра калій, пра нафту, пра біржавыя тавары, якія не нясуць у сабе тэхналагічных затрат, то такі рынак вярнуць лёгка.

Біржавыя тавары прадаюць так: прапануй цану, ніжэйшую за рынкавую, — і прадавай. Як з гандлем валютай. Хочаш купіць больш долараў? Прапануй выгадную цану. Тое самае з нафтай, тое самае з калійкай.

Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама прадракае, што праз "год-два" адсутнасці на рынку вяртацца на яго давядзецца з сур'ёзным зніжэннем цаны і спрыяльнымі ўмовамі паставак.

— Беларусь на гэтым страціць не адну сотню мільёнаў долараў. Аб'ёмы страт будуць залежаць ад таго, наколькі працяглымі і жорсткімі будуць санкцыі і наколькі крэатыўнымі будуць людзі, якія зоймуцца распрацоўкай схем па аднаўленні або захаванні наяўных геаграфічных пунктаў паставак калійных угнаенняў.

Але дэмпінгавыя цэны БКК ужо і без таго выклікалі на рынку пярэпалах. Так здарылася літаральна гэтай зімой, калі БКК падпісала буйны кантракт з Індыяй. Тады партнёрам прапанавалі купляць калійныя ўгнаенні па 247 долараў за тону. Гэта вышэй за цэны 2020 года, але ніжэй, чым у канкурэнтаў. Так, канадская Nutrien Ltd. прадае калійныя ўгнаенні ў ЗША прыкладна па 350 долараў за тону.

Дарэчы, у красавіку цану ўсё ж перагледзелі: адчувальная да кошту ўгнаенняў Індыя нечакана пагадзілася плаціць БКК 280 долараў за тону.

З іншага боку, калій — гэта тавар, які прадаецца не на спотавых рынках, калі здзелкі заключаюцца імгненна, а па доўгатэрміновых кантрактах. Хто будзе разрываць доўгатэрміновы кантракт дзеля таго, каб зноў гандляваць з Беларуссю?

Кавалкін кажа — хто заўгодна.

— Усе зацікаўленыя ў тым, каб купляць танней. І калі ёсць такая магчымасць, то разарвуць кантракт, заплацяць штраф і пачнуць купляць па больш нізкіх цэнах. Так гэта працуе. Як кажуць, праблемы, якія можна вырашыць за грошы, гэта не праблемы, а расходы. Вось і гэта таксама не праблема, а расходы.

 

Уключыце друкавальны станок

Мы выказалі здагадку, што адкрыта дэмпінгавыя цэны могуць не проста "ўсхваляваць рынак", але і адбіцца на ўмовах працы рабочых. Але суразмоўца Еўрарадыё лічыць, што ў "Беларуськалія" — прынамсі, цяпер — дастаткова грошай, каб забяспечыць сваім супрацоўнікам камфортную працу. Калі захоча.

— Умовы працы ў першую чаргу залежаць ад таго, што гатова кіраўніцтва "Беларуськалія" траціць на сваіх рабочых. Не трэба перакладаць з хворай галавы на здаровую. Сёння гэта высокапрыбытковая вытворчасць, і нішто не перашкаджае кіраўніцтву "Беларуськалія" забяспечыць для рабочых лепшыя ўмовы працы, — кажа Кавалкін.

Раманчук згодны: галоўнай ахвярай санкцый будуць усё ж не рабочыя, а бюджэт.

— "Беларуськалій" — велізарнае бюджэтаўтваральнае прадпрыемства. Калі валюта не будзе паступаць у краіну, мы можам страціць пару адсоткаў ВУП. Беларускія ўлады павінны разумець: калі яны ваююць, то цана вайны будзе не толькі ў стратах чалавечага капіталу. Яны сутыкнуцца і з ціскам на курс, з інфляцыйным падаткам, які з'явіцца, калі ўлады вырашаць кампенсаваць страты з дапамогай грашова-друкавальнага станка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі