Запіс размовы Лукашэнкі і Прыгожына падчас мяцяжу з'явіўся ў інтэрнэце

Лукашэнка і Прыгожын

Лукашэнка і Прыгожын / калаж overclockers.ru

У расійскіх тэлеграм-каналах з'явіўся аўдыязапіс размовы — як сцвярджаецца, размаўляюць Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын. Запіс, нібыта, быў зроблены падчас мяцяжу Прыгожына. Галасы насамрэч вельмі падобныя да Лукашэнкі і Прыгожына.

Падчас гутаркі Лукашэнка расказвае, як угаворваў Крэмль выбраць бяскроўны варыянт развязання канфлікту.

"Лукашэнка: Так, мы правялі шэраг, некалькі раўндаў перамоў. І выпрацавалі абсалютна прымальны, прымальны варыянт бяскроўнага вырашэння гэтага пытання. То бок, ну я ўжо крыху правакаваў расійскі бок. Магчыма, у іх іншыя варыянты, разумееш? Магчыма, замачыць Прыгожына. Варыянт. Магчыма, розныя.

Прыгожын: Не, мачыць Прыгожына… Там столькі ж народу таксама загіне, што мама не гаруй!

Лукашэнка: Вось пра гэта і гаворка, пра гэта і гаворка! Бо замачыць то можна, але колькі дзясяткаў тысяч лясне людзей! Так, ці там дзе-небудзь мост якісьці мы закрыем, перакрыем, сустрэнем. Ну, што сустрэнем… гэта ж хто там, ну мінімум расгвардзейцы максімум якіясьці будуць, а астатняе — міліцыя і мабілізаваныя. Гэта ж непадрыхтаваныя людзі! Ну як у 41-м. Таму нельга на гэта ісці".

Лукашэнка запрашае Прыгожына прыйсці і размясціцца на беларускіх палігонах, а таксама абяцае ўгаварыць на гэта Пуціна: "Я скажу, што дамоўленасці былі, баявое зладжванне, адпачынак і іншае. Ну а Пуціну выкажу сваё фэ".

Прыгожын цікавіцца, ці атрымае Лукашэнка на гэтыя выдаткі грошы ад Крамля. І атрымлівае такі адказ:

"Лукашэнка: Слухай, ну гэта мы вырашым, калі нават ён з глузду з’едзе і не дасць грошай.

Прыгожын (нервова жартуе): Хай палякі плацяць, каб [мы] не сунуліся да іх!

Лукашэнка (таксама жартам): Магчыма, і гэта. (Сур’ёзным тонам.) Гэта мы дамовімся. Ёсць праблема, але невялікая".

Мяцеж Прыгожына адбыўся ў чэрвені 2023 года. Часці прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер", якія ваявалі супраць Украіны, пайшлі на Маскву. Аднак урэшце пасля перамоваў вагнераўцы адправіліся на беларускі палігон пад Асіповічамі. А Яўген Прыгожын праз некалькі тыдняў загінуў у загадкавай катастрофе верталёта разам з іншымі камандзірамі вагнераўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі