Запушчаны друкарскі станок? Вось тры негатыўныя сцэнары для беларусаў

Варта чакаць “шэрую” інфляцыю / Еўрарадыё
Варта чакаць “шэрую” інфляцыю / Еўрарадыё

У Беларусі за люты аб'ём наяўнасці ў абароце вырас амаль на 50%. Што гэта значыць? Запыталі ў эканаміста Уладзіміра Кавалкіна.

“Гэта наўпрост запушчаны друкарскі станок па друкаванні рублёў. Важна яшчэ разумець суадносіны паміж рознымі агрэгатамі. То бок калі агрэгат “хуткіх грошай” расце хутчэй за так званую “шырокую грашовую мапу”. Гэта значыць, што надрукавалі грошы і яны знаходзяцца недзе на кароткатэрміновых рахунках. І хутчэй за ўсё гэта грошы не інвестыцыйныя. То бок яны не пераўтварыліся ў якія-небудзь дэпазіты”.

Па словах Кавалкіна, гэта амаль дакладны сігнал, што будзе інфляцыя: грошай шмат, але куды іх падзець?

“Яны, напрыклад, могуць пайсці ў крамы. Але там ёсць абмежаванні па росту цэнаў. Магчыма такая сітуацыя, калі інфляцыя на паперы невялікая, але на самой справе — значная, бо атрымаецца дыфіцыт розных тавараў.

Калі шмат грошай, то можна пайсці ў абменнік і абмяняць іх на долары. Але гэта будзе ўплываць на курс.    

Трэці варыянт: дэпазіты, але людзі іх наўрад ці туды панясуць, асабліва калі назіраць за дынамікай прошлага году”.

Што нас чакае?

“Шэрая інфляцыя, якая не будзе відавочная праз паказчыкі Белстату, але будзе адчувальная для чалавека, які жыве ў Беларусі. І тое самае будзе з курсам валют: магчыма, ён значна змяняцца не будзе, але валюту будзе купіць цяжка. Альбо курс зменіцца і валюта будзе, але і кошт зменіцца”.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі