Журналістку БТ будуць судзіць за тое, што ўваходзіла ў Каардынацыйную Раду
Справа журналісткі БТ Ксеніі Луцкінай перададзеная ў суд. Яе вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады, паведамляе Генпракуратура.
Абвінавачванне будуецца на тым, што не раней за 17 жніўня 2020 года Ксенія стала сябрай Каардынацыйнай Рады беларускай апазіцыі і "ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ". Луцкіна, па меркаванні следства, спрабавала стварыць грамадскае беларускае інтэрактыўнае тэлебачанне для "ўтойвання і скажэння рэальных фактаў, эскалацыі пратэснай актыўнасці, стымулявання расколу ў беларускім грамадстве, фармавання ў людзей негатыўнага меркавання аб дзейнасці дзяржорганаў".
Да таго ж, піша ведамства, Луцкіна "рыхтавала і рэдагавала тэксты заяваў, зваротаў, іншых публічных выступаў і публікацый ад імя і ў інтарэсах "Кардынацыйнай рады" з мэтай напаўнення яе інтэрнэт-рэсурсаў, перадачы іх асобным сябрам для дэстабілізацыі палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне".
Артыкул 357 КК, ч.1, па якім будуць судзіць Ксенію Луцкіну, прадугледжвае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Луцкіна была затрыманая ў снежні 2020 года па "справе Прэс-Клуба": яе абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў. Пасля закрыцця гэтай справы завялі новую.
Падчас зняволення ў СІЗА моцна пагоршылася яе здароўе. 38-гадовая журналістка пакутуе на пухліну ў мозгу, якая павялічылася ў апошні час.
У Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна прапрацавала 15 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.