“Змрочны” Lego, марафон з робатамі і самыя брудныя гарады Еўропы — #ІхНоравы

Міжнародныя навіны / @rubanau_collage
Дональд Трамп афіцыйна заняў пасаду 47-га прэзідэнта ЗША, выклікаўшы сусветную заклапочанасць сваімі імперскімі заявамі, у тым ліку пра намер набыць Грэнландыю. Яна, дарэчы, паўплывала на ўнутраную палітыку Даніі адносна Грэнландыі.
Аўстралійскія ўлады адказалі жыхарам на пытанні пра незвычайныя шарыкі на пляжах, якія выклікалі паніку на мінулым тыдні.
Пра гэта і іншае — у нашай штодзённай рубрыцы “Іх норавы”.
Данія адмовіцца ад тэстаў на “бацькоўскую кампетэнтнасць” для сем'яў з грэнландскім паходжаннем
Пасля ўзмацнення напружанасці паміж Капенгагенам і Нуўкам, выкліканага выказваннямі Дональда Трампа пра набыццё Грэнландыі, дацкі ўрад вырашыў адмяніць выкарыстанне псіхаметрычных тэстаў у справах пра абарону дзяцей.
Гэтая мера ўжо раней крытыкавалася за недастатковае ўлічванне культурных асаблівасцяў грэнландцаў-інуітаў і іншых меншасцяў, якія жывуць у Даніі. Часта вынікі псіхаметрычных тэстаў прыводзілі да расстання дзяцей з бацькамі, бо гэтыя тэсты не ўлічваюць культуры і мовы грэнландцаў, што мела негатыўныя наступствы для сем'яў.
Пасля пратэстаў міністр сацыяльных спраў Даніі Сафія Хейстарп Андэрсэн пацвердзіла, што ўрад улічыў сур'ёзныя асцярогі і неўзабаве прадставіць новы законапраект, які набудзе моц не пазней за 1 траўня 2025 года. Ён будзе ўлічваць культурныя асаблівасці Грэнландыі ў такіх сямейных справах.
Паўмарафон з робатамі
У Кітаі пройдзе першы паўмарафон з удзелам як людзей, так і чалавекападобных робатаў. Ён адбудзецца ў красавіку ў Пекіне, паведаміў South Chine Morning Post.
У забегу возьмуць удзел каля 12 000 чалавек і дзясяткі робатаў ад больш чым 20 кампаній. Яны пераадолеюць дыстанцыю 21 кіламетр і будуць змагацца за прызы, якія дастануцца траім самым хуткім.
Мерапрыемства адбудзецца ў Пекінскай эканамічна-тэхналагічнай зоне развіцця, таксама вядомай як E-Town. Арганізатары паўмарафону спадзяюцца, што змяшаны канцэпт турніру адлюструе намаганні Кітая ў развіцці штучнага інтэлекту і робататэхнікі.
Загадка таямнічых шарыкаў разгаданая
Улады Аўстраліі заявілі, што таямнічыя шарыкі, праз якія на мінулым тыдні закрылі некалькі пляжаў у Сіднеі, утрымлівалі насычаныя тлустыя кіслоты, кішачную палачку, фекальныя бактэрыі і вулканічную пемзу.
Рада паўночных пляжаў Сіднэя заявіла, што адправіла смецце на далейшы аналіз.
Знаходцы папярэднічала тое, што ў кастрычніку на ўзбярэжжах горада пачалі з'яўляцца тысячы чорных плямаў. Ужо тады гэта прымусіла ўлады закрыць пляжы і зрабіць маштабную ачыстку.
Апошнюю партыю шарыкаў прыбралі з пляжаў гавані на гэтым тыдні. Улады заклікалі ўсіх, хто заўважыць шарыкі, не браць іх у рукі і звяртацца да ўладаў.
Самыя брудныя гарады еўрапейскага ўзбярэжжа
Брытанская газета The Daily Telegraph склала спіс самых брудных прыморскіх гарадоў Еўропы. Выбар складальнікаў рэйтынгу можа здзівіць!
Першае месца заняў горад Манака. У той час як у многіх людзей ён асацыюецца з раскошай і багаццем, адзін са стваральнікаў рэйтынгу, Энтані Перэгрын, апісвае яго як “самадастатковую бурбалку экстравагантнасці, раскошы і мноства паліцыянтаў”.
Аўтар падкрэслівае прыгажосць наваколляў горада-дзяржавы, але звяртае ўвагу на "спектакль" унутры, у якім галоўную ролю адыгрывае багацце.
"Звычайным людзям у найлепшым выпадку даступныя ледзь зносныя фрагменты ў Нэвэрлэндзе", — дадаў ён.
Наступным горадам у спісе “самых брудных” стаў Плочэ ў Харватыі. Паводле іншага аўтара, які ўключыў горад у рэйтынг, гэта закінуты порт з нафтахімічным тэрміналам і зернясховішчамі.
У рэйтынг таксама ўвайшла Остыя — італьянскі партовы горад, вядомы сваімі старадаўнімі будынкамі. Аднак аглядальнікі адзначаюць, што ў горадзе ёсць пляжы з вадой сумнеўнай якасці, якія не рэкамендуюцца для купання.
Да самых брудных прыморскіх гарадоў Еўропы таксама адносяцца Ла-Лінеа-дэ-ла-Кансэпсьён у Іспаніі, Албуфейра ў Партугаліі, Лаганас на востраве Закінф і Кемер у Турцыі, размешчаны на папулярным курорце Анталья.
Хатні “хоа-хоа-хоа”
Фірма Lego выпускае набор “Дом Каленаў” паводле матываў сагі “Змярканне”.
У набор з 2001 дэталяў уваходзіць сем мініфігурак, уключаючы Бэлу Свон, Эдварда Калена (з асляпляльным эфектам бляску) і Джэйкаба Блэка, які таксама з'яўляецца ў выглядзе ваўка.
Дадаткова ёсць культавы чырвоны грузавік Бэлы і дрэва, на якое можна пасадзіць Бэлу і Эдварда. У інтэр’еры дома фанатаў парадуюць раяль у гасцёўні і кашпо на балконе.
“Гэты набор LEGO Ideas — найвялікшая даніна павагі сазе “Змярканне” — ідэальны падарунак для дарослых, якія любяць серыю, незалежна ад таго, адкрываюць яны для сябе рамантыку нанава або аддаюцца сваёй любові да памятных рэчаў з фільмаў. Гэты прывабны набор, які дадае нотку вампірскага шыку ў любую прастору, прапануе фанатам новы і захапляльны спосаб перажыць сагу”, — напісана на сайце Lego.
Набор ужо можна замовіць на сайце Lego, у крамах ён з’явіцца 4 лютага. Ягоны кошт — $219.99.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.