ЗША і Іран правядуць перамовы

Дональд Трамп

Дональд Трамп / Reuters

ЗША і Іран правядуць перамовы. Іх галоўная тэма — іранская ядзерная праграма. Як заявіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп, прамыя перамовы з Іранам пройдуць у суботу "на вельмі высокім узроўні". "Я думаю, усе згодныя з тым, што заключэнне здзелкі было б пераважней, чым відавочнае", — цытуе словы Трампа Reuters.

Мяркуецца, што перамовы будуць весці спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф і міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы. Пасярэднікам называецца міністр замежных спраў Амана.

Напрыканцы сакавіка прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян адмовіўся ад прамых перамоваў з ЗША аб іранскай ядзернай праграме, але дапускаў магчымасць непрамых перамоваў. Аракчы заявіў, што анансаваныя суботнія перамовы не будуць прамымі, кантакты будуць адбывацца пры дапамозе Амана.

Іран заяўляе, што не імкнецца да стварэння ядзернай зброі і нібыта не парушаў свае абавязацельствы. У ЗША і Ізраіля іншая інфармацыя. Дональд Трамп сказаў, што калі перамовы не дадуць выніку, Іран чакае "вельмі кепскі дзень".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.