З'явілася версія, чаму "Белавія" прыпыніла рэйсы з Гомеля і Брэста ў Расію

Самалёт "Белавія", ілюстрацыйнае фота

Самалёт "Белавія", ілюстрацыйнае фота

З'явілася версія, з чым можа быць звязанае прыпыненне авіярэйсаў з Гомеля і Брэста ў Расію. Яе абнародаваў тэлеграм-канал аб авіяцыі "ОтВинта".

28 кастрычніка беларуская авіякампанія адмяніла пазначаныя ў раскладзе рэйсы з Гомеля і Брэста ў Маскву (Шарамеццева), а 29 кастрычніка — з Гомеля ў Санкт-Пецярбург і Маскву (Унукава). Таксама авіярэйсы з Гомеля ў Маскву і назад адмененыя на пачатак лістапада.

Усё гэта адбылося літаральна адразу пасля таго, як прэс-служба "Белавія" анансавала, што рэйсы на гэтых кірунках стануць больш частымі. Афіцыйных каментароў наконт адмены рэйсаў кампанія не дае.

Паводле звестак тг-канала "ОтВинта", рэйсы адмянілі, бо не хапае бартоў праз тэхабслугоўванне. Чакаецца, што на наступным тыдні рэйсы адновяцца.

Як вынікае са звестак авіясэрвісаў Flightradar24 і Planespotters, цяпер на тэхабслугоўванні знаходзяцца самалёты Boeing 737-300 (EW-254PA) і Embraer ERJ-175 (EW-512po), якімі карыстаецца "Белавія". Яшчэ адным самалётам Embraer ERJ-195 (EW-399PO) цяпер карыстаюцца хакеісты "Дынама-Мінск" для сваёй выязной серыі на чэмпіянаце КХЛ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі