Рашэнне па дыскваліфікацыі Астапчук зацягнулі з-за беларускіх чыноўнікаў?

Паведамлялася, што Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі прысудзіла Надзеі Астапчук гадавую дыскваліфікацыю. Нагадаем, што пасля Алімпіяды-2012 у допінг-пробе нашай штурхальніцы ядра выявілі забаронены метэналон.  

З тае пары мінуў год і тры месяцы. Зорная спартсменка ўжо мусіла прыступіць да трэніровак. Але яе дагэтуль трымаюць у няведанні. Надзея жыве як на іголках і даведзена да роспачы.

“Чакаю гэтага рашэння. Ужо, ведаеце, дайшло да таго, што жадання вяртацца ў спорт няма, ― дзеліцца Надзея Астапчук з Еўрарадыё. ― Жаданне адбілі. Але навошта зацягваюць з вынясеннем вердыкту? Усё адно ж рашэнне трэба прымаць!”

У размове з Еўрарадыё кіраўнік Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Аляксандр Ванхадла паведаміў, што не мае інфармацыі наконт таго, ці зацвердзілі ў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) гадавы тэрмін дыскваліфікацыі. З іншага боку, пра афіцыйную адмову зацвярджаць прысуд таксама не паведамлялася.

Такія вось гульні ў кошкі-мышкі.  

“Няма адназначнага адказу, вядуцца яшчэ перамовы”, ― коратка адказвае на зварот Еўрарадыё генеральны сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Эліна Зверава.

Еўрарадыё: Хто канкрэтна зацягвае перамовы? Спартсменка не ведае, як ёй жыць, чым займацца.

Эліна Зверава:Не наш бок зацягвае перамовы, гэта IAAF. І мы не можам уплываць на іх. Мы чакаем адказу”.

Збоку выглядае, што чыноўнікі IAAF абсеклі канцы і злачынна ігнаруюць Надзею Астапчук, ставяцца да яе негуманна, водзяць усіх беларускіх заўзятараў спорту за нос.

Таму напрамую звяртаемся ў офіс IAAF (знаходзіцца ў Манака) і просім паведаміць найсвяжэйшую інфармацыю па справе Астапчук.

“Пасля кансультацыі з калегамі з медыцынскага і антыдопінгавага дэпартаменту магу паведаміць, што мы дагэтуль чакаем адказу з Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, ― паведамляе менеджар па камунікацыях IAAF Яніс Нікалаоу. ― Канчатковага рашэння наконт дыскваліфікацыі Астапчук з боку Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі дагэтуль няма. Але чакаецца, што яно з’явіцца ў хуткім часе”. 

Выходзіць, што адзін з бакоў (ці IAAF, ці Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі) нахабна падманвае і журналістаў, і простых заўзятараў спорту, і саму Надзею Астапчук. Можа быць, да сітуацыі варта падключыцца кампетэнтным праваахоўным органам?

Нагадаем, што Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва пасля Алімпіяды-2012 правяло ўласнае расследаванне і вынесла вердыкт: допінг у каву спартсменкі падмяшаў трэнер. Беспрычынна, з-за асабістай няўпэўненасці.

Гэту версію крытыкавалі. Ці мог высакакласны спецыяліст падмяшаць стэройд, ад разавага ўжывання якога няма ніякага сэнсу?

Тым не менш у жыцці бывае ўсяляк. І гэта версія гарантавала Надзеі Астапчук адзін год дыскваліфікацыі замест двух. Для беларускіх заўзятараў спорту гэта была б добрая навіна: відавочна, што і сёння штурхальніца ядра з’яўляецца топавай беларускай лёгкаатлеткай.

Надзея не раз скардзілася журналістам, што не атрымлівала ад нашых спартовых чыноўнікаў належнай дапамогі. Нават дакументы даводзілася перакладаць і дасылаць у IAAF самой. Таму версія, што справу зацягнуў беларускі бок, можа быць праўдападобнай.

“Складваецца ўражанне, што ў Федэрацыі займаюцца міжусобнай барацьбой, і да інтарэсаў сваіх спартсменаў ім няма справы”, ― выказалася Надзея Астапчук Еўрарадыё. 

***

Сёлета ў сакавіку здарыўся яшчэ адзін “сюрпрыз”, які заблытаў разбіральніцтвы па справе Астапчук яшчэ больш. Беларуску пачалі падазраваць у парушэнні допінгавых правілаў на…чэмпіянаце свету васьмігадовай даўніны.   

“Ёсць распячатванне пробы 2005 года, калі было дазволена спажыванне біялагічна актыўных дадаткаў, у якіх утрымліваўся забаронены прэпарат”, ― тлумачыць Еўрарадыё Аляксандр Трашчыла, галоўны трэнер зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы.

Сёння многія абвінавачваюць Надзею і іншых беларускіх штурхальнікаў і кідальнікаў у няшчырай канкурэнцыі ― спажыванні анабалічных стэройдаў. Маўляў, сапернікі былі ў няроўных з імі ўмовах. Ці справядліва гэта?

Некалькі тыдняў таму ў антыдопінгавых лабараторыях Кёльна і Масквы пераправерылі допінг-пробы мінулых гадоў. Пры гэтым ужылі найноўшы спосаб выяўлення стэройдаў. Канкрэтных атлетаў і чэмпіянаты пры гэтым не назвалі. Яшчэ б! Вынік шакіраваў ― сотні станоўчых пробаў.

Свет стаіць на мяжы грандыёзнага допінгавага скандалу. Аказалася, што на забароненай фармакалогіі сядзелі многія і многія топавыя  алімпійцы, а падазраюць за чэмпіянат свету-2005 менавіта беларусаў і расіян. Ці варта такую пазіцыю міжнародных спартовых структур лічыць аб’ектыўнай?   

Кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі, дарэчы, не здзіўляецца доўгаму разгляду справы Надзеі Астапчук. Сам ён падчас судоў з Міжнародным алімпійскім камітэтам два гады не мог спакойна спаць. Але ў звязцы з Іванам Ціханам перамог у спартовы арбітражным судзе Лазаны. Тады, як узгадвае атлет, назбіралася 12 скрыняў з матэрыяламі справы. Такая перамога ― адзін выпадак са ста. Тым больш што беларускія чыноўнікі ад спорту, як ужо не раз адзначалася ў прэсе, не маюць ні належнага юрыдычнага таленту, ні ведання моваў, каб на высокім узроўні адстойваць інтарэсы сваіх атлетаў.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі