Мінгарвыканкам заплаціў ахвярам тэракту амаль 4,8 мільярда рублёў

120316 Svjardlou Vyplaty.mp3

“Мне адна мая знаёмая сказала: “Ты быў на вайне”. Я спачатку разгубіўся… А пасля падумаў: гэта, вядома, вобразна, а з іншага боку — так…” — узгадвае тэракт 11 красавіка 2011 года журналіст Мікалай Ільюшэнка. Выбухам яму раздрабніла нагу.

Мікалай Ільюшэнка: “8 аперацый я перанёс. Аперацыя — гэта, я лічу, тады, калі прымянялася анестэзія”.

У Мінгарвыканкаме налічылі 314 людзей, якія ў рознай ступені пацярпелі ад тэракту ў мінскім метро. Усе яны, а таксама сем’і 15 загінулых, атрымалі грашовыя кампенсацыі: агулам выплаты склалі 4 мільярды 788,85 мільёнаў рублёў.

Цікава, што людзей, якім заплаціў Мінгарвыканкам, на два больш за тых, хто атрымаў пасля выбуху страхоўку.

(дакумент у большым памеры)

 

(дакумент у большым памеры)

“Але мяне здзіўляе толькі адно: чаму мне інваліднасць далі на падставе агульнага захворвання, а не тэракта? Калі я пакутую ад таго, што мяне падарвалі, гэта мусіць быць адлюстравана”, — скардзіцца Мікалай Ільюшэнка.

У цемры пакою пенсіянер не бачыць, што дакладна напісана ў пасведчанні па інваліднасці:

Мікалай Ільюшэнка: “Не палянуюся ўключыць святло… Адну секунду… Вось, да святла іду ўжо нават без палачкі. Ну так, калываю. Зараз я вам скажу дакладна: прычына інваліднасці — агульнае захворванне. Інвалід з парушэннямі апорна-рухавага апарата”.

Вазок, зараз ужо непатрэбны, Мікалай Аляксеевіч атрымаў у лякарні. Але здолеў адмовіцца ад яго і зараз ходзіць на мыліцах. Настаўніца Вікторыя Прыліпка, якая ў выбуху страціла нагу і атрымала цяжкія траўмы абедзвюх рук, дагэтуль карыстаецца вазком, якім яе і яшчэ 7 цяжкіх пацярпелых забяспечылі ў Мінгарвыканкаме. На гэта выдаткавалі 187,1 мільёна рублёў.

“Нават не рэабілітацыя, а лячэнне ў нас яшчэ наперадзе. Толькі першы этап пратэзавання скончыўся”, — распавядае Міхаіл Прыліпка, муж Вікторыі.

(дакумент з сайта 11042011.info)

Адразу пасля тэракту сям’я Вікторыі, не спадзеючыся на дапамогу дзяржавы, адкрыла некалькі дабрачынных рахункаў.

“Першы час была неразбярыха, але мы гэтымі рахункамі асабліва і не займаліся. А пасля, калі грошы ўжо падзялілі, месяцаў праз 4-5 яны пачалі паступаць”, — тлумачыць Міхаіл Прыліпка.

Усім пацярпелым ад тэракту ў мінскім метро прапанавалі бясплатна з’ездзіць у санаторый. Але — толькі па Беларусі. Гэтым правам скарысталіся пакуль толькі 10 чалавек (выдаткі дзяржавы склалі 25,2 мільёна рублёў). Міхаіл Прыліпка кажа, што спадзяецца адвезці жонку на лячэнне за мяжу. Але ўжо не па лініі Мінгарвыканкама:

Міхаіл Прыліпка: “Па замежным лячэнні гэта мы ўжо прасіліся самі. Праца ідзе, але… Гэта Міністэрства здароўя, гэта не Мінгарвыканкам”.

Яшчэ 602,8 мільёна — бясплатныя лекі і перавязачныя матэрыялы для пацярпелых падчас тэракту. За іх таксама разлічваўся Мінгарвыканкам. Агулам атрымліваецца 5 мільярдаў 603 мільёны рублёў, ці амаль 700 тысяч долараў кампенсацыяў па сённяшнім курсе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі