За 5 месяцаў у піраміду МММ уступіла каля тысячы беларусаў?

111116 Martin MMM.mp3

Нумар тэлефона прадстаўнікі МММ на асфальтавым малюнку не пакінулі, толькі электронную пошту. Але ў Google запыт адразу выдае спасылку на мінскі блог, прысвечаны пірамідзе.

“Ні адзін чалавек не ведае дакладна аб колькасці людзей і аб укладах. Прыблізна з Беларусі каля тысячы чалавек. Знаходзяць праз інтэрнэт, праз знаёмых”, — кажа Андрэй. Ён — “сотнік” то бок чалавек, які прывёў у МММ яшчэ сотню іншых.

Каб уступіць у МММ трэба звяртацца да “дзясятнікаў”, то бок тых, хто прывёў 10 чалавек. Праз іх наяўныя грошы, можна абмяняць на грошы МММ. І зарэгістравацца ў сістэме піраміды: даць свой нумар пашпарта, пошту і мабільны.

“Удзельнікі набываюць МММ праз дзясятніка. Удзельнік атрымлівае МММ-грошы - валюту, якая расце ў цане. У любы момант ён можа яе прадаць і атрымаць назад грошы”, — кажа Андрэй.

За дзясятнікам ідуць сотнікі — тыя, хто ўжо падпісаў за сабой сто чалавек у МММ. Далей тысячнікі, дзясяцітысячнікі і далей. У Беларусі першыя структуры МММ з'явіліся ўлетку.

МММ не зарэгістраванае ў Беларусі, прызнаецца той самы сотнік. Аднак, на яго думку, гэта не парушае беларускіх законаў.

“МММ нідзе не зарэгістраванае. Гэта як таварыства. Усе сродкі вы не зарабляеце, вам іх пераводзіць іншы ўдзельнік. На прамую, можна казаць, што ўдзельнічаеце ў сістэме МММ-2011. Гэта нічым не забаронена і ніякіх законаў сістэма не парушае”.

Бізнэсовец і стваральнік найбуйнейшай фінансавай піраміды 90-х Маўродзі нават звяртаўся да кіраўніка Беларусі. Каб той даў легалайз на дзейнасць кампаніі.

“Звяртаюся да вас, Аляксандр Рыгоравіч. Дазвольце МММ у Беларусі, дайце карт-бланш мне, адчыніце пункты ва ўсіх аддзяленнях ашчадбанка. Я за месяц, ну за два, звяжу сродкі насельніцтва, спыню інфляцыю і спыню падзенне беларускага рубля”.

У Камітэце Дзяржкантролю Еўрарадыё сказалі, што пакуль не заўважылі парушэнняў у МММ, не было скаргаў збоку ўкладчыкаў. У мінскай падатковай інспекцыі таксама кажуць, што скаргаў на МММ не маюць.

Тым часам МММ абяцае “бясплатныя” 20 долараў тым, хто ўступіць у піраміду. Блог МММ абвяшчае, што кожны можа атрымаць гэтыя грошы, пры ўмове, што набудзе на іх грошы-МММ. На два тыдні грошы-МММ замарожваюцца, потым іх можна зняць. Але каб грошы атрымаць, трэба мець дэпазіт у банку. Сяргей Маўродзі абяцае ўдзельнікам 20% прыбытку штомесяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі