Зніжкі, пра якія мы не ведаем

120815 SwiardlouSkidki.mp3

На Беларускай чыгунцы Еўрарадыё знаходзіць адразу дзве зніжкі, якімі амаль не карыстаюцца пасажыры. Пра іх нам распавядае інжынер пасажырскай службы Галіна Рабушка:

“Беларуская чыгунка дае дзве зніжкі у перыяд з 1 кастрычніка па 30 красавіка. Адна зніжка ― групавая. Па яе могуць звярнуцца ці прадпрыемствы, ці групы пасажыраў. Ужо ад 6 чалавек гэта ідзе група”.

Група, у якой ад 6 да 24 чалавек уключна, атрымлівае 10% зніжкі. А калі ў групе больш за 24 чалавекі, зніжка павялічваецца да 15% ад кошту праезду.

“А зніжкай “Сям’я” могуць скарыстацца бацькі разам з дзіцём. Гэта могуць быць абодва бацькі, тата з дачкой ці маці з сынам ― значэння не мае. Але абавязкова мусіць ехаць дзіця. Зніжка кожнаму складае 10% ад кошту праезду. Але толькі з поўнага квітка”, ― працягвае Галіна Рабушка.

Справа ў тым, што дзеці ва ўзросце да 12 гадоў і так маюць ільготы. Ім дадатковай зніжкі не будзе. А вось кожны з бацькоў, а таксама дзеці, якім больш за 12, але менш за 16 гадоў, атрымаюць па 10% зніжкі.

Зніжкі дае не толькі чыгунка, але і “Белавія”.

“Ёсць дзіцячыя зніжкі. Дзеці ад 0 да 2 гадоў плацяць прыкладна 10% ад “дарослага” тарыфу, ― распавядаюць Еўрарадыё ў авіякампаніі. ― А для дзяцей ад 2 да 12 гадоў памер скідкі вар’юецца ў залежнасці ад рэйса: ад 20 да 30%”.

Скідкі ад “Белавіі” могуць атрымаць таксама пенсіянеры і студэнты. Пра іх трэба даведвацца дадаткова, распытваючы ў авіякампаніі пра патрэбны рэйс.

“Але, калі ёсць квіткі па мінімальным тарыфе, яны таннейшыя за квіткі са студэнцкай зніжкай. Бо зніжка даецца на больш высокі тарыф”, ― працягвае супрацоўніца “Белавіі”.

А падчас вандроўкі можна зэканоміць на “камуналцы”. Хаця, эканомія будзе невялікая, кажуць у адным з мінскіх разлікова-касавых цэнтраў.

“Калі вы вернецеся, цягам 7 дзён вы мусіце прынесці нам дакумент пра тое, што вы адсутнічалі. Калі ў вас стаяць лічыльнікі вады, вам зробяць пераразлік за вываз смецця і яго абясшкоджванне, гэта прыкладна 1,5 тысячы цяпер”.

У якасці дакумента падыйдзе копія старонак пашпарта з адзнакамі пра перасячэнне мяжы.

Дзе яшчэ можна атрымаць зніжкі? Школьнікі маюць 50% зніжкі на ўваход у Нацыянальны мастацкі музей: замест 50 тысяч плацяць толькі 25 тысяч. Такую ж зніжку маюць пенсіянеры, але… Толькі ў апошнюю сераду месяца.

“А яшчэ ― уваходная плата “Сямейны квіток”. Для дарослых і дваіх дзяцей да 16 гадоў квіток будзе каштаваць 120 тысяч рублёў [замест 150 тысяч. ― Еўрарадыё]. А калі дзяцей трое ці больш, білет будзе каштаваць 70 тысяч [замест 175 тысяч. ― Еўрарадыё]. На ўсіх”, ― распавядае Еўрарадыё супрацоўніца музея. І дадае, што ў касах наўрад ці будуць правяраць пашпарты наведнікаў: “Там жа не звяры працуюць!”

А калі вы прыйдзеце толькі з адным дзіцём ― ніякай зніжкі, акрамя “школьнай”. Вы глядзіце, як выгадна мець вялікую сям’ю!

А пра якія “нераскручаныя” зніжкі ведаеце вы? Распавядзіце пра ўласны лайфхак у каментарыях да артыкула!

Фота: ya-ukrainets.com.ua.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі