Самае папулярнае імя — Сафія. Але Ева наступае

Самае папулярнае імя — Сафія. Але Ева наступае

Па статыстыцы, самае папулярнае імя нованароджанай беларускі — Сафія. У перакладзе са старажытнагрэчаскай Сафія — гэта мудрасць. Дзякуючы этымалогіі імені, мяркуе анамаст Юлія Галкоўская, менавіта так сёлета найчасцей называюць дзяўчынак увогуле ва ўсім свеце — ад Мексікі да Эстоніі:

“То бок, дзяўчынку хочуць надзяліць мудрасцю, а мудрасць — гэта каштоўнасць, — тлумачыць Юлія Галкоўская. — Апроч таго, ёсць гукавы фактар — наколькі імя прыемнае на слых. Імя Сафія і вытворныя ад яго — Соня, Сонечка, Софа — вельмі мілагучныя для бацькоў”.

Ці сапраўды імя бярэ беларускіх бацькоў мілагучнасцю і ці не пужае іх, што побач абавязкова будзе яшчэ адна маленькая Сафія?

"Імя я абрала абсалютна свядома — так звалі маю бабулю, і маю любімую кузіну так завуць, — распавядае Яна, маці двухгадовай Сафіі. — То бок, я хацела назваць дзіця ў іх гонар і проста таму, што мне падабаецца імя, яно добра пасуе да прозвішча. Так што адзін аргумент "супраць", што Сафій ужо і так шмат, у нас не працаваў".

Па словах Яны, пакуль іншых Сафій, апроч сваёй Софы, яна не сустракала ні ў пясочніцы, ні ў дзіцячай школцы развіцця.

 

Другая наша суразмоўца, Святлана, гадуе трохгадовую Соню ў Польшчы. Дзяўчынка запісаная ў беларускім варыянце — Сафія, а не "мясцовая" Зоф'я. Святлана кажа, што назвала б дачку ў гонар любімай бабулі ў любым выпадку, нават цяпер, калі імя стала трэндам: 


"...бо памяць пра бабулю важнейшая за жаданне не трапіць у мэйнстрым", — усміхаецца Святлана. 


У ЗАГСе Першамайскага раёна Мінска пацвярджаюць: апошнія чатыры гады Сафіямі называюць вельмі часта. Чаму? Звычайна пра выбар імя Сафія не пытаюцца, маўляў, папулярнае імя і ўсё. А вось калі імя рэдкае, бацькі і самі могуць распавесці:


"Нядаўна было імя хлопчыка Апалінарый. Бацькі сказалі, што выбіралі па царкоўным календары, так вырашылі і зарэгістраваць", — распавядае супрацоўніца ЗАГСа.


Па словах анамаста Юліі Галкоўскай, імёны маюць тэндэнцыю “адпачываць”:


“То бок, мусіць прайсці 2-3 дзесяцігоддзі, каб імя адпачыла, і тады яно ўспрымаецца як нейкае новае. Як, напрыклад, імя Арцём, якім цяпер часцей за ўсё называюць хлопчыкаў: гэтае імя ўваходзіла ў дзясятку лідараў у 50-60-я гады. Потым было ў пасіве іменніка, і гэтым імем ніхто не называў дзяцей. Цяпер зноў набрала папулярнасць як новае — людзі ж імкнуцца да ўнікальнасці, а для многіх менавіта гэтыя імёны незвычайныя”. 


У недалёкай будучыні, мяркуе Юлія Галкоўская, топавым імем можа стаць Ева:


“Па апошніх дадзеных Віцебскага ЗАГСа ўсё часцей выбіраецца імя Ева, што значыць “якая дае жыццё”. Верагодна, што праз некалькі гадоў гэтае імя таксама ўвойдзе ў спіс набольш папулярных імёнаў”.


Топ самых папулярных дзіцячых імёнаў мінчукоў у 2016 годзе: Лізавета, Марыя, Сафія, Ганна, Аліса. Сярод хлопцаў найпапулярнейшыя Арцём, Максім, Міхась, Даніла і Мацвей.


У 2015 годзе самымі папулярнымі імёнамі сталі, як і сёлета, Сафія і Арцём.


У 2014-м — Марыя і Максім.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі